Пошук

Папа: выхоўваць – значыць чакаць, трываць і настойваць з любоўю

“Выхаванне – гэта праца сеяння, і, як кажа Святое Пісанне, часта “мы сеем у слязах, каб жаць з радасцю”, - заўважыў Папа, выказваючы пажаданне, каб вучні езуіцкіх школ былі “агентамі перамен і евангелізацыі ў іх асяроддзі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 мая 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Міжнароднай камісіі па адукацыйнымі апостальстве Таварыства Езуса. У тэксце прамовы, уручанай сваім гасцям, ён нагадаў, што спачатку святы Ігнацый Лаёла і яго першыя паплечнікі не ўлічвалі важнасці школ, але хутка зразумелі іх “велізарны евангелізацыйны патэнцыял”. Езуіцкія школы адыгралі важную ролю ў распаўсюджванні Евангелля сярод моладзі. Яны спалучаюць акадэмічную і інтэлектуальную строгасць з хрысціянскім навучаннем, а таксама ставяць у цэнтр Езуса Хрыста, заўважыў Папа.

Францішак звярнуў увагу на тое, што езуіцкія адукацыйныя праграмы і школьная дзейнасць, дапамагаюць моладзі ўвайсці ў кантакт з Евангеллем, служыць іншым людзям і такім чынам спрыяць агульнаму дабру. Мэта езуіцкай адукацыі заўсёды заключалася ў тым, каб дапамагчы студэнтам “стаць агентамі перамен і евангелізацыі ў іх асяроддзі”, - сцвердзіў ён.

“Гаворка ідзе пра тое, каб ад самай маладосці яны навучыліся адкрываць Бога, прысутнага ў іншых, асабліва ў бедных і адчужаных. Вось, што значыць сапраўднае выхаванне: суправаджаць моладзь, каб усвядоміла, што праз служэнне іншым і акадэмічную строгасць будуецца агульнае дабро”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік пажадаў, каб моладзь усё больш разумела, што адукацыя служыць не толькі дасягненню ўласнага поспеху, але “вядзе да адкрыцця сапраўднай паўнаты жыцця, калі выкарыстоўваем дары і асабістыя здольнасці у супрацоўніцтве з іншымі для будавання больш чалавечага і братэрскага грамадства і свету”.

“Нам неабходна перайсці ад культуры “я” да культуры “мы”, дзе якасць адукацыі вызначаецца па гуманізуючых, а не эканамічных выніках”, - падкрэсліў Папа, дадаючы, што для гэта трэба паставіць асобу ў цэнтр усяго працэсу і вучыць быць “людзьмі для іншых людзей”. Менавіта такім дасканалым чалавекам для іншых з’яўляецца Езус, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што найлепшы спосаб выхавання – гэта прыклад. “Такім чынам Езус выхоўваў сваіх вучняў. Такім чынам мы пакліканы выхоўваць у нашых школах”, - заўважыў ён, заклікаючы зрабіць усё магчымае, каб настаўнікі езуіцкіх школ зразумелі гэта пакліканне.

“Паставіць чалавека ў цэнтр – значыць паставіць педагогаў у цэнтр фармацыі, прапанаваць ім падрыхтоўку і суправаджэнне, якія дапамогуць ім раскрыць свой патэнцыял і глыбокае пакліканне суправаджаць іншых. Паставіць чалавека ў цэнтр – значыць пераключыць увагу з сябе на іншых, асабліва на тых, хто знаходзіцца на перыферыі нашага грамадства і не толькі мае патрэбу ў нашай дапамозе, але і можа многаму навучыць нас і прапанаваць нам. Мы ўсе выйграем, калі прымем самых бедных і бездапаможных сярод нас!”, - запэўніў Святы Айцец.

Папа падзякаваў сваім гасцям за падтрымку новага глабальнага адукацыйнага саюза, без якога “наш свет, які шмат пакутуе ад гвалту і палярызацыі, не зможа стварыць будучыню, поўную надзеі, і пераадолець сур’ёзныя выклікі, якія тычацца яго і абавязваюць нас лепш усведамляць той факт, што мы падзяляем агульны дом – наш свет”.

“Выхаванне – гэта праца сеяння, і, як кажа Святое Пісанне, часта “мы сеем у слязах, каб жаць з радасцю” (пар. Пс 126,5). Выхаванне – гэта доўгатэрміновая задача, якая патрабуе цярпення, дзе вынікі часам няясныя; нават Езус спачатку не атрымліваў добрых вынікаў з вучнямі, але Ён быў цярплівы, і працягвае быць цярплівым з намі, каб навучыць нас таму, што выхоўваць – значыць чакаць, трываць і настойваць з любоўю”, - напісаў у заканчэнні сваёй прамовы Францішак.

 

24 мая 2024, 11:15