Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: гандаль людзьмі – жудасная рана нашага часу

З дапамогай сілы Духа Езуса Хрыста і самаахвярнасці многіх людзей мы зможам дабіцца поспеху ў выкараненні феномену гандлю людзьмі, запэўніў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 мая 2024 года ў Ватыкане быў абнародаваны зварот Францішка да ўдзельнікаў Генеральнай асамблеі Talitha Kum – глабальнай каталіцкай сеткі арганізацый, якія змагаюцца з гандлем людзьмі. Папа выказаў членам гэтага аб’яднання сваю ўдзячнасць за працу, назваўшы гандаль людзьмі “адной з самых жудасных ран нашага часу”.

“Гандаль людзьмі – гэтае “сістэмнае” зло, і таму мы можам і павінны выкараняць яго з дапамогай сістэмнага шматузроўневага падыходу. Гандаль людзьмі ўзмацняецца войнамі і канфліктамі, ён карыстаецца наступствамі змены клімату, сацыяльна-эканамічнай няроўнасці, выкарыстоўвае ўразлівасць людзей, змушаных міграваць, і стан няроўнасці, у якім апынаюцца, у прыватнасці, жанчыны і дзяўчынкі”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што “гандаль людзьмі – гэта дзейнасць, якая нікога не паважае і нікому не глядзіць у твар, гарантуючы вялікія прыбыткі людзям без маральных прынцыпаў”. “Гандаль людзьмі ўвесь час эвалюцыянуе і заўсёды знаходзіць новыя шляхі развіцця, як гэта было падчас пандэміі. Аднак мы не павінны скарацца. З дапамогай сілы Духа Езуса Хрыста і самаахвярнасці многіх людзей мы зможам дабіцца поспеху ў яго выкараненні”, - запэўніў Францішак.

На думку Папа, для гэта трэба наследаваць прыклад Talitha Kum: быць побач з ахвярамі, слухаць іх, дапамагаць ім падняцца, разам дзейнічаць супраць гандлю людзьмі. “Каб быць па-сапраўднаму эфектыўнымі супраць гэтага вельмі ненавіснага злачыннага феномену трэба быць супольнасцю”, - дадаў Пантыфік, заклікаючы адрасатаў паслання працягваць займацца прафілактыкай гандлю людзьмі, клопатам пра ахвяр і будаваннем адносін, неад’емных для перамогі над гэтай з’явай.
 

23 мая 2024, 12:00