Пошук

Пантыфік да сіра-малабарцаў: захоўваць адзінства – гэта абавязак

Ганарыстасць, узаемныя абвінавачванні і зайздрасць не вядуць да згоды і міру, нагадаў Францішак прадстаўнікам Сіра-малабарскай Царквы.

Марыя Валодзіна – Vatican News

13 мая 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю гэтай старажытнай Усходняй Царквы, найбуйнейшай у Індыі, у якой на працягу многіх гадоў назіраюцца рознагалоссі ў дачыненні да парадку цэлебрацыі Святой Імшы. Спрэчкі вядуцца вакол кірунку, у якім яе павінен цэлебраваць святар: звернутым да супольнасці вернікаў альбо да алтара.

У сваёй прамове Папа папярэдзіў аб свецкіх прычынах, якія вядуць да падзелу, а таксама ўхваліў Сіра-малабарскую Царкву за паслухмянасць і вернасць наступніку святога Пятра, нягледзячы на пераслед у мінулым.

Францішак перасцярог "ад небяспечнай спакусы засяродзіцца на адной дэталі, ад нежадання адмовіцца ад яе, якое шкодзіць агульнаму дабру Касцёла". Д'ябал падзяляе і процідзейнічаючы жаданню Хрыста, каб усе былі адным, папярэдзіў Пантыфік. Захоўваць адзінства – гэта абавязак, асабліва важны, калі гаворка ідзе пра святароў, “ад якіх вернікі чакаюць прыкладу міласэрнасці і пакоры”.

Папа заклікаў гасцей з рашучасцю ахоўваць адзінства, а таксама нястомна маліцца аб тым, каб нашы браты "маглі зразумець, што яны з'яўляюцца часткай вялікай сям'і, якая любіць і чакае іх". “Як бацька з прыпавесці пра блуднага сына, давайце пакінем дзверы адкрытымі, каб, калі яны пакаюцца, ім не было цяжка вярнуцца” - параіў Папа, дадаючы, што "ганарыстасць, узаемныя абвінавачванні і зайздрасць не ад Пана і ніколі не прыводзяць да згоды і міру", а непавага да Эўхарыстыі “несумяшчальная з хрысціянскай верай”.

Францішак абнадзеіў сіра-малабарскіх вернікаў, заклікаючы “у часы цяжкасцяў і крызісаў не паддавацца расчараванню або пачуццю бездапаможнасці перад абліччам праблем”. "Давайце не будзем гасіць надзею, губляць цярпенне ці зачыняцца ў забабонах, якія распальваюць варожасць", - запрасіў ён. "Прымаючы рашэнні, давайце думаць пра бедных і далёкіх, пра тых, хто жыве на перыферыі, у Індыі і дыяспары, і пра тых, хто перажывае экзістэнцыяльны крызіс. Давайце памятаць пра тых, хто пакутуе і чакае сігналаў надзеі і суцяшэння", - заклікаў Папа.

Святы Айцец падзякаваў гасцям за прыхільнасць сямейнай адукацыі і катэхізацыі, а таксама за душпастырскую працу, накіраваную на моладзь і пакліканні.

Напрыканцы прамовы Папа звярнуўся да вернікаў сіра-малабарскай дыяспары Рыма, падкрэсліваючы іх асаблівую ролю: “маліцца і супрацоўнічаць дзеля адзінства Царквы не толькі ў Керале, але і ва ўсёй Індыі і ва ўсім свеце”.

13 мая 2024, 11:41