Пошук

Францішак: любоў – гэта адзінае, што застанецца пасля нас

Любоў – вузкая брама, якая вядзе ў Божае Валадарства, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 15 мая 2025 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу “найбольшай з тэалагальных цнот” – любові. Ён нагадаў знакамітыя словы святога Паўла з Паслання да Карынцянаў: “А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў” (13,13), заўважаючы, што Апостал народаў пісаў іх да хрысціянскай супольнасці, “якая зусім не была дасканалай у братэрскай любові”.

“Хрысціяне Карынта сварыліся, мелі ўнутраныя падзелы, сярод іх былі тыя, хто лічыў, што заўсёды мае рацыю, і не слухаў іншых, успрымаючы іх ніжэйшымі за сябе”, - адзначыў Папа, заўважаючы, што разлад паміж гэтымі вернікамі праяўляўся нават падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, бо “кожны браўся раней з’есці ўласны спажытак”, і не зважаў на тых, хто не меў нічога.

“Напэўна, усе яны былі ўпэўнены, што з’яўляюцца добрымі людзьмі, і на пытанне пра любоў, адказалі б, што, вядома, любоў для іх – важная каштоўнасць, як сяброўства і сям’я. Таксама і ў нашы дні любоў знаходзіцца на вуснах многіх інфлюэнсераў і ў рэфрэнах многіх песень”, - сказаў Святы Айцец.

Апостал Павел баяўся, што сярод хрысціян Карынта “не засталося і следу” ад цноты любові, якая паходзіць ад Бога, і што яны ўвогуле мала ведаюць пра Божую любоў. Францішак падкрэсліў, што Божая любоў “не тая, што ўзвышаецца, але якая прыніжаецца, не тая, што бярэ, але якая дае”. Хрысціянская любоў акрэсліваецца грэчаскім словам agape і адрозніваецца ад усіх іншых відаў любові, такіх як закаханасць, любоў да Радзімы ці чалавекалюбства. “Гэта найбольшая любоў, якая паходзіць ад Бога і скіроўвае да Бога”, а ў той жа час робіць нас здольным “любіць бліжняга так, як яго любіць Бог”, - дадаў Пантыфік.

“Дзякуючы Хрысту, гэта любоў вядзе нас туды, куды па-чалавечы мы б не пайшлі: гэта любоў да бедных, да нелюбімых, да тых, хто не любіць нас, нават да ворага. Гэта “тэалагальная” любоў, гэта значыць, што яна паходзіць ад Бога, з’яўляецца справай Святога Духа ў нас”, - патлумачыў Францішак.

Папа нагадаў, што ў Нагорным казанні Езус апісвае гэту любоў, паказваючы яе адметнасць ад любові, на якую здольныя нават грэшнікі: “Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць”. Любоў хрысціян павінна быць іншай: бескарыслівай любоўю да ўсіх, нават да ворагаў, - дадаў Святы Айцец.

“Хрысціянская любоў ахоплівае нелюбімых, дорыць прабачэнне, бласлаўляе тых, хто праклінае. Гэта любоў настолькі мужная, што лічыцца амаль немагчымай, але яна – гэта адзінае, што застанецца ад нас. Гэта “вузкая брама” праз якую мы павінны прайсці, каб увайсці ў Божае Валарадства”, - сцвердзіў Францішак.

Напрыканцы катэхезы Пантыфік зазначыў, што менавіта па міласэрнай любові, якую мелі да людзей, а не па абстрактнай, мы будзем судзімы на світанку жыцця, калі зноў пачуем словы Езуса Хрыста: “Сапраўдны кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
 

15 мая 2024, 09:37

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >