Пошук

Святы Айцец: сузіранне – крыніца любові і апостальства

Дынаміка сузірання – гэта заўсёды дынаміка любові, - падкрэсліў Пантыфік падчас аўдыенцыі для настаяцельніц і дэлегатак Ордэна кармелітак босых, якая адбылася 18 красавіка 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа прыняў законніц, які бяруць удзел у пераглядзе статутаў гэтай кантэмпляцыйнай манаскай супольнасці. Ён заклікаў іх быць “унутрана адкрытымі на тое, што Святы Дух хоча падказаць”, бо гэта дазволіць “знайсці новыя спосабы камунікацыі, новыя шляхі і новыя прылады”, каб “надаць яшчэ большы запал сузіральнаму жыццю” і каб “харызмат Кармэля мог прыцягваць да сябе шматлікія сэрцы, на хвалу Богу і дзеля дабра Касцёла”.

Пераглядаць статуты значыць “збіраць памяць пра мінулае, каб глядзець у будучыню”. Таму трэба быць адкрытымі на “парады Духа, вечную навіну Евангелля, знакі, які Пан дорыць праз жыццё і гістарычныя выклікі”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што сузіральнае жыццё – гэта не пошук ратунку ў індывідуалістычным духоўным суцяшэнні ці малітве, адарванай ад рэальнасці, але шлях, на якім манахіні дазваляюць любові Хрыста настолькі ахапіць сябе, што цалкам злучаюцца з Ім, каб гэта любоў пранізвала ўсё іх “існаванне і выражалася ў кожным жэсце і кожным паўсядзённым дзеянні”. “Дынаміка сузірання – гэта заўсёды дынаміка любові, заўсёды лесвіца, якая ўзносіць нас да Бога, але не для таго, каб адарваць ад зямлі, а каб жылі на ёй глыбока, як сведкі атрыманай любові”, - дадаў Пантыфік.

Папа прывёў у прыклад словы святой Тэрэзы Авільскай, якая казала, што “містычная і духоўнасць еднасць, якой Бог лучыць душу з сабой” пранізвае і перамяняе ўсё жыццё, “не адрываючы яго ад штодзённых клопатаў і не прапануючы ўцячы ў духоўныя справы”. “Тэрэза сцвярджае, што неабходны час, прысвечаны цішыні і малітве, але разумець яго трэба як крыніцу апостальства і ўсіх штодзённых абавязкаў, аб якіх Пан просіць нас для служэння Касцёлу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Такі падыход, на думку Папы, не дазволіць сузіральнаму жыццю “звесціся да духоўнай інерцыі, якая адрывае ад задач штодзённага жыцця”, але будзе працягваць “даваць унутранае святло для распазнавання”, якім з’яўляецца “евангельская надзея”.

“Евангельская надзея адрозніваецца ад ілюзій, заснаваных на чалавечых разліках. Яна азначае поўны давер да Бога; здольнасць чытаць знакі, якія Ён дае нам, каб разглядзець будучыню; здольнасць рабіць мужны і рызыкоўны выбар”, а ў першую чаргу, “не спадзявацца выключна на чалавечыя і абарончыя стратэгіі, калі гаворка ідзе пра разважанні аб кляштарах, якія трэба захаваць ці пакінуць, пра формы супольнага жыцця, пра пакліканні”. “Абарончыя стратэгіі – гэта плён настальгічнага вяртання ў мінулае, а евангельская надзея дорыць нам радасць пражытай гісторыі і робіць здольнымі глядзець у будучыню”, - сказаў Пантыфік.

“Глядзіце наперад. Гэтага я жадаю вам. Глядзіце наперад з евангельскай надзеяй і босымі нагамі, гэта значыць са свабодай поўнага аддання сябе Богу. І няхай гэта поўнае занурэнне ў Яго прысутнасць заўсёды дорыць вам радасць братэрства і ўзаемнай любові”, - завяршыў прамову да кармелітак Святы Айцец.
 

18 красавіка 2024, 10:36