Пошук

Святы Айцец: Пій VII вучыць ісці шляхамі міласэрнасці і прымірэння

Будаванне адзінства, сведчанне Евангелля, міласэрнасць да бедных і ворагаў – актуальныя каштоўнасці, пра якія нагадвае гісторыя пантыфікату Папы Пія VII, лічыць Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі пілігрымаў з італьянскіх дыяцэзій Чэзэна-Сарсіна, Савона, Імола і Тывалі, якія прыбылі ў Рым з нагоды 200-годдзя з дня смерці Папы Пія VII, блізка звязанага з гісторыяй гэтых тэрыторый. Сустрэча адбылася 20 красавіка 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI. У ёй бралі ўдзел каля тысячы чалавек: біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Вернасць Богу і Касцёлу, коштам уласнай свабоды

Пантыфік назваў Пія VII “вялікім прыкладам добрага пастыра, які аддае жыццё сваё за авечак сваіх”: ён быў чалавекам “высокай культуры і пабожнасці”, які “заўсёды захоўваў непахіснай сваю вернасць Богу і Касцёлу”, пацвердзіўшы яе, калі адмовіўся выйсці з турмы ў абмен на кампрамісы адносна яго пастырскага служэння. На працягу ўсяго жыцця гэтаму Папу былі ўласцівы тры фундаментальныя каштоўнасці: адзінства, сведчанне і міласэрнасць, - заўважыў Святы Айцец.

Служэнне адзінству

Адным з прыярытэтаў Пія VII была абарона адзінства, асабліва падчас канфліктаў. Нягледзячы на варожасць, выкліканую французскай рэвалюцыяй і напалеонаўскімі войнамі, ён нястомна працаваў, каб захаваць адзінства ў Касцёле і грамадстве.

“Яго прыклад заахвочвае нас быць у наш час, нават коштам адрачэнняў, будаўнікамі еднасці ў паўсюдным і мясцовых Касцёлах, у парафіях і сем’ях: будаваць адзінства, спрыяць прымірэнню, садзейнічаць міру, быць вернымі праўдзе ў любові!”, - сказаў Папа.

Сведчыць Евангелле словам і жыццём

Пантыфік заўважыў, што сведчанне Пія VII было пазначана мужным абвяшчэннем Евангелля словам і жыццём: ён заклікаў сваіх сучаснікаў ісці шляхам пагарды да багаццяў, пакоры, сціпласці, цярплівасці і міласэрнасці, уцелаўляючы вобраз Стварыцеля праз служэнне і любоў да іншых людзей.

Міласэрнасць, нават у адносінах да ворагаў

Францішак назваў адной з характэрных рыс пантыфікату Пія VII міласэрнасць. Гэты Папа быў уважлівым да людзей у нястачы і правёў шэраг інавацыйных рэформ і сацыяльных ініцыятыў: пераглядзеў васальныя адносіны, што паспрыяла эмансіпацыі бедных сялян, адмяніў некаторыя прывілеі і рэгаліі арыстакратаў, забараніў катаванні, садзейнічаў развіццю медыцыны праз заснаванне катэдры хірургіі пры рымскім універсітэце.

Пій VI праяўляў міласэрнасць таксама да сваіх ганіцеляў. “Хоць ён недвухсэнсоўна асуджаў іх памылкі і злоўжыванні, але імкнуўся падтрымліваць з імі дыялог і, перш за ўсё, заўсёды прабачаў іх. Дайшло нават да таго, што пасля Рэстаўрацыі ён распарадзіўся даць прытулак у касцёльных дзяржавах сваякам таго самага Напалеона, які некалькі гадоў раней заключыў яго ў турму, і прасіў, каб з ім, цяпер ужо пераможаным, абыходзіліся ў турме мякка”, - заўважыў Святы Айцец.

Актуальнасць каштоўнасцяў Пія VII

“Дарагія браты і сёстры, ёсць шмат каштоўнасцяў, пра якія нагадвае нам Слуга Божы Пій VII: любоў да праўды, адзінства, дыялогу, увага да найменшых, прабачэнне, настойлівы пошук міру. Нам будзе карысна разважаць пра іх, пераймаць іх і сведчыць пра іх, каб стыль лагоднасці і гатоўнасці да самаахвяравання развіваўся ў нас і ў нашых супольнасцях”, - падкрэсліў на заканчэнне сустрэчы Папа.
 

20 красавіка 2024, 12:02