Пошук

Святы Айцец: надаць канкрэтнасць надзеям на мір

Прыкласці ўсе намаганні, каб дасягнуць міру і гармоніі паміж рэлігіямі і народамі, заахвоціў Францішак удзельнікаў 1-га Калёквіума паміж Святым Пасадам і Кангрэсам лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій (Казахстан).

Марыя Валодзіна - Vatican News

4 красавіка 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў канферэнцыі, у якой Святы Пасад прадстаўлены Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу, а казахстанскі бок – прадстаўнікамі Кангрэса лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, Сената Парламента Рэспублікі Казахстан і Цэнтра міжканфесійнага і міжцывілізацыйнага дыялогу імя Нурсултана Назарбаева. Падзея стала першым важным плёнам Мемарандума аб узаемаразуменні, заключанага паміж Цэнтрам імя Назарбаева і ватыканскай Дыкастэрыяй.

Пантыфік узгадаў свой удзел у VII Кангрэсе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій падчас апостальскага падарожжа ў Казахстан у 2022 годзе. На яго думку, Кангрэс з'яўляецца ўнікальнай платформай для дыялогу не толькі рэлігійных лідараў, але і палітыкаў, дзеячаў культуры, сродкаў масавай інфармацыі. “Гэта годная ініцыятыва, якая добра адпавядае пакліканню Казахстана быць краінай сустрэч”, - лічыць Францішак.

Працягам двухбаковых адносін паміж Святым Пасадам і Казахстанам стала сустрэча Францішка з Прэзідэнтам Касым-Жамартам Такаевым падчас аўдыенцыі ў Ватыкане 19 студзеня 2024 года. 4 красавіка Папа прыняў таксама старшыню Сената Маўлена Ашымбаева, які ўзначальвае казахстанскую дэлегацыю.

У сваёй прамове да ўдзельнікаў мерапрыемства Папа падкрэсліў тры такія важныя аспекты, як павага да разнастайнасці, прыхільнасць агульнаму дому і ўмацаванне міру.

Павага да разнастайнасці

Павага да разнастайнасці з'яўляецца неад'емным элементам дэмакратыі. Той факт, што Казахстан з'яўляецца свецкай дзяржавай, у значнай ступені спрыяе гармоніі. “Безумоўна, гаворка ідзе пра здаровы секулярызм, які не змешвае рэлігію і палітыку, а праводзіць адрозненне паміж імі на карысць абедзвюх і ў той жа час прызнае важную ролю рэлігій у грамадстве”, - сказаў Папа.

Прыхільнасць агульнаму дому

Што тычыцца прыхільнасці стварэнню, то ёй прысвечана тэма ватыканска-казахстанскага калёквіўма: Наш агульны дом. Чароўны дар, які патрабуе любові і клопату. Сярод працоўных дакументаў сустрэчы: энцыклікі Laudato si' і Laudate Deum, а таксама Канцэпцыя развіцця Казахстана на 2023-2033 гады з асаблівай увагай да пытанняў аховы навакольнага асяроддзя. “Гэта важна, бо павага да стварэння з'яўляецца неад'емным следствам любові да Творцы, да братоў і сёстраў, з якімі мы разам жывём на нашай планеце, і, асабліва, да будучых пакаленняў, якім мы закліканы пакінуць спадчыну, якую трэба захоўваць, а не экалагічныя даўгі, якія яны будуць вымушаныя плаціць”, - адзначыў Францішак.

Умацаванне міру

Нарэшце, трэцяе вымярэнне сустрэчы – гэта садзейнічанне міру. “Сёння многія, занадта многія, кажуць пра вайну. Ваяўнічая рыторыка, на жаль, зноў увайшла ў моду. Гэта дрэнна! Але, калі множацца словы нянавісці, людзі гінуць у жорсткіх канфліктах. Замест гэтага нам трэба казаць пра мір, марыць пра мір, надаваць творчы характар і канкрэтны змест надзеям на мір, рэальным надзеям асобных людзей і народаў. Дзеля міру варта прыкласці ўсе намаганні, весці дыялог з усімі. Няхай ваша сустрэча, адзначаная павагай да разнастайнасці і накіраваная на ўзаемаўзбагачэнне, стане прыкладам таго, як бачыць у іншым не пагрозу, а дар і каштоўнага суразмоўцу для ўзаемнага росту”, - пажадаў Папа ўдзельнікам ватыканска-казахстанскага мерапрыемства.

04 красавіка 2024, 11:16