Пошук

Папа: сям’я, адзінства і мір – каштоўнасці, якія даюць жыццё

Быць людзьмі міру па прыкладзе святых, - заклікаў Пантыфік дэлегацыю венгерскіх вернікаў, якую прыняў на аўдыенцыі 25 красавіка 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заахвоціў сваіх гасцей ісці шляхам міру, які прынёс Хрыстус. “Давайце не будзем забываць, браты і сёстры, што рэалізацыя гэтага вялікага дару пачынаецца ў сэрцы кожнага з нас; пачынаецца, калі, перш чым выйсці за парог уласнага дома, я прымаю рашэнне быць сёння чалавекам міру, гэта значыць жыць у міры з іншымі. Мір пачынаецца, калі вырашаю прабачыць, нават калі гэта складана, і гэта напаўняе сэрца радасцю”, - запэўніў Папа.

Пантыфік адзначыў таксама, што мір пачынаецца з клопату пра бліжніх. У гэтым кантэксце ён згадаў пра бедных і тысячы ўкраінцаў, якія знайшлі ў Венгрыі ратунак ад вайны. “Дзякую вам за сэрцы, адкрытыя на бежанцаў з Украіны, якія пакінулі сваю краіну з прычыны вайны. Я высока цаню таксама вашы намаганні па інтэграцыі тых, хто жыве на перыферыях грамадства”, - сказаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што Будапешт – гэта “горад мастоў і святых”. Ён заклікаў вернікаў маліцца за Еўропу, за “жаданне будаваць мір, каб даць маладым пакаленням будучыню надзеі, а не вайны, будучыню, поўную калысак, а не магіл, свет братоў, а не муроў”.

Папа заклікаў венгерскіх католікаў наследаваць прыклад многіх сваіх суайчыннікаў, якія засвоілі “стыль Бога”: ласкавасць, блізкасць і спагаду. Ён заахвоціў даваць сведчанне веры ў штодзённым экуменізме, адносінах з бліжнімі, прыняцці тых, хто адрозніваецца, павазе да кожнага чалавечага жыцця і адказным клопаце пра стварэнне.

Пантыфік адзначыў, што жыццё здабываецца, калі дорым яго іншым, а моладзі нагадаў, што захаванне каранёў і дыялог з папярэднімі пакаленнямі важныя для стварэння моцнага фундаменту будучыні. “Захоўваючы карані, вы зможаце з даверам глядзець наперад, умацоўваючыся ў каштоўнасцях, якія даюць жыццё – гэта сям’я, адзінства і мір”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

25 красавіка 2024, 11:03