Пошук

Папа: інтэграваць людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадства

Развіваць культуру ўсебаковай інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі заклікаў Францішак прадстаўнікоў Папскай акадэміі сацыяльных навук.

Марыя Валодзіна - Vatican News

11 красавіка 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай акадэміі сацыяльных навук, якія ў гэтыя дні абмяркоўваюць пытанні інваліднасці і інклюзіўнасці. Тэма асамблеі: Змяніць сацыяльныя дэтэрмінанты і стварыць новую культуру інклюзіўнасці.

Пантыфік павіншаваў гасцей з 30-й гадавінай заснавання Акадэміі і падзякаваў за працу. На яго думку, Акадэмія сацыяльных навук закліканая вырашаць некаторыя з найбольш надзённых задач сучаснасці, такія як тэхналогіі і іх уплыў на медыцыну і экалогію, развіццё штучнага інтэлекту, а таксама неабходнасць пошуку новых эканамічных мадэляў.

За апошнія гады міжнародная супольнасць дамаглася значнага прагрэсу ў прызнанні правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Многія краіны рухаюцца ў гэтым напрамку, у іншых гэтае прызнанне ўсё яшчэ носіць частковы і нявызначаны характар. “Прыслухоўваючыся да галасоў мужчын і жанчын з абмежаванымі магчымасцямі, мы сталі лепш разумець, наколькі іх жыццё абумоўлена не толькі функцыянальнымі абмежаваннямі, але і культурнымі, прававымі, фінансавымі і сацыяльнымі фактарамі, якія перашкаджаюць іх дзейнасці і ўдзелу ў жыцці грамадства”, - адзначыў Святы Айцец.

Годнасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі

Папа нагадаў, што сацыяльнае вучэнне Касцёла цалкам прызнае чалавечую годнасць інвалідаў. Яны “ў поўнай меры з'яўляюцца чалавечымі суб'ектамі, якія валодаюць правамі і абавязкамі”, маюць права на годнае жыццё і ўсебаковае развіццё. “Нават калі хтосьці не вельмі эфектыўны, нават калі нарадзіўся або вырас з абмежаванымі магчымасцямі, гэта не ставіць пад сумнеў яго велізарную годнасць як чалавека, заснаваную не на абставінах, а на каштоўнасці яго існавання. Калі гэты элементарны прынцып не захоўваецца, то братэрства ды існаванне чалавецтва не мае будучыні” (Fratelli Tutti, 107).

Уразлівасць і ранімасць - неад'емная частка чалавечага існавання, а не нешта, уласцівае толькі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Без уразлівасці, без абмежаванняў “не было б сапраўднай чалавечнасці”, - заўважыў Францішак, нагадаўшы пра шматлікія сустрэчы Езуса з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Езус не толькі ўступае ў прамы кантакт з такімі людзьмі, але і дэманструе новы падыход да іх становішча. Для Яго, любы стан чалавека “з'яўляецца запрашэннем да ўнікальных адносін з Богам, якія дазваляюць людзям зноў расквітнець”, - зазначыў Папа, прыводзячы ў прыклад евангельскі аповед пра сляпога Бартымэя (Мк 10, 46-52).

Маргіналізацыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі

“На жаль, у розных частках свету многія людзі і сем'і па-ранейшаму ізаляваныя і выцесненыя на абочыну сацыяльнага жыцця з-за інваліднасці. Гэта адбываецца не толькі ў бедных краінах, дзе пражывае большасць інвалідаў і дзе іх стан часта выракае іх на галечу, але і ва ўмовах дабрабыту, дзе інваліднасць часам лічыцца асабістай трагедыяй, а інваліды – схаванымі бежанцамі, якія ў грамадстве разглядаюцца як іншародныя целы (пар. Fratelli Tutti, 98)”, - сказаў Францішак.

Распаўсюджванне культуры адкідаў вядзе да таго, што “людзі больш не разглядаюцца як асноўная каштоўнасць, якую трэба паважаць і абараняць, асабліва калі яны бедныя ці людзі з абмежаванымі магчымасцямі, калі яны „яшчэ непатрэбныя” – як ненароджаныя дзеці, – або „ўжо непатрэбныя” – як пажылыя людзі (Fratelli Tutti, 18), - зазначыў Папа, перасцерагаючы ад “дзвюх крайнасцяў жыцця”: абортаў і эўтаназіі.

Распаўсюджваць культуру інклюзіўнасці

Барацьба з культурай адкідаў патрабуе заахвочвання культуры інклюзіўнасці. Яе плён прыкметны ў асноўным у эканамічна развітых краінах, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі, як правіла, карыстаюцца правам на медыцынскае абслугоўванне і сацыяльную дапамогу, а таксама ўключаны ў многія сферы грамадскага жыцця, такія як адукацыя, культура, праца і спорт. У больш бедных краінах гэта яшчэ неабходна рэалізаваць. Займацца гэтым павінны ўрады пры шырокай падтрымцы міжнароднай і грамадзянскай супольнасцяў, лічыць Святы Айцец.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі павінны быць “не проста пасіўнымі атрымальнікамі дапамогі, але і прымаць актыўны ўдзел у жыцці грамадства ў якасці правадыроў перамен”, - адзначыў Папа, нагадваючы пра важную ролю асацыяцый і рухаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія спрыяюць іх удзелу ў жыцці грамадства.

Палітычная дабрачыннасць

“Прызнанне таго, што кожны чалавек – наш брат ці сястра, і пошук формаў сацыяльнага сяброўства, якія ўключалі б усіх, не з’яўляюцца чыстай утопіяй. Яны патрабуюць рашучасці і здольнасці знаходзіць эфектыўныя сродкі, якія далі б ёй рэальную магчымасць дасягнення гэтай мэты. Любыя намаганні ў гэтым кірунку становяцца высакародным здзяйсненнем любові. Бо асобны чалавек можа дапамагаць патрабуючым, аднак, калі ён далучаецца да іншых ініцыятыў стварэння сацыяльных працэсаў братэрства і справядлівасці для ўсіх, то ўваходзіць у сферу найвялікшай любові, а менавіта любові палітычнай” (Fratelli Tutti, 180), - нагадаў Францішак, падзякаваўшы гасцям за іх уклад у дзейнасць на карысць людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

11 красавіка 2024, 11:50