Пошук

Папа гісторыкам: у свабодзе ад ідэалогій спрыяць дыялогу і сустрэчы

Вывучэнню гісторыі павінна спадарожнічаць свабода ад ідэалогій, павага да праўды, адкрыццё гарызонтаў дыялогу і спрыянне будаванню цывілізацыі сустрэчы, перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 красавіка 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнай сесіі Папскага камітэта гістарычных навук, якая праходзіць у кантэксце святкавання 70-годдзя гэтай установы.

Свабода ад ідэалогій і павага да праўды

Святы Айцец падзякаваў ватыканскім гісторыкам за супрацоўніцтва з даследчыкамі розных культур, рэлігій і гістарыяграфічных поглядаў, якое яны ажыццяўляюць пазбягаючы “ментальнай і інстытуцыйнай закрытасці”. Ён заклікаў навукоўцаў надалей прытрымлівацца гэтага “абагачальнага падыходу”, якому ўласціва “пастаяннае і ўважлівае слуханне, свабоднае ад усякай ідэалогіі”, бо “ідэалогіі забіваюць”, і “паважлівае да праўды”. Па словах Папы, такая адкрытасць садзейнічае дыялогу паміж Касцёлам і сучасным светам.

Гарызонты дыялогу

“Гэты стыль дапамагае развіваць тое, што я бы назваў “культурнай дыпламатыяй”, якая вельмі неабходна сёння ў кантэксце небяспечнага глабальнага канфлікту, за якім мы не можам абыякава назіраць. Таму я заклікаю вас працягваць працу па гістарычных даследаваннях, адкрываючы гарызонты дыялогу, на якіх можна несці святло надзеі Евангелля, якая не расчаруе”, - сказаў Пантыфік.

Супольнае служэнне праўдзе

Францішак прызнаўся, што яму падабаецца думаць пра адносіны паміж Касцёлам і гісторыкамі ў катэгорыях блізкасці, а таксама нагадаў словы Паўла VI, які казаў, што іх аб’ядноўвае “супольны пошук праўды” і “супольнае служэнне праўдзе”.

“Магчыма, што тут знаходзіцца галоўная кропка сустрэчы паміж вамі і намі […], паміж рэлігійнай праўдай, якую захоўвае Касцёл, і гістарычнай праўдай, якой добрымі і вернымі слугамі з’яўляецеся вы: увесь будынак хрысціянства, яго вучэння, этыкі і культу – усё грунтуецца на сведчанні. Апосталы Хрыста сведчылі пра тое, што бачылі і чулі. […] Гэта дазваляе зразумець, наколькі такі духоўны і рэлігійны арганізм як Каталіцкі Касцёл, зацікаўлены ў пошуку і сцвярджэнні гістарычнай праўды […] Ён таксама мае гісторыю, а гістарычны характар яго паходжання мае для яго вызначальную важнасць”, - працытаваў Францішак словы свайго папярэдніка.

Цывілізацыя сустрэчы

Папа нагадаў, што Касцёл пілігрымуе ў гісторыі поруч з людзьмі ўсіх часоў і не належыць да ніводнай асобнай культуры: праз лагоднае і мужнае сведчанне Евангелля ён прагне ажывіць сэрца кожнай культуры і спрыяць супольнаму будаванню “цывілізацыі сустрэчы”, у той час як “спакусы індывідуалістычнага адасаблення і ідэалагізаванага сцвярджэння ўласнага пункту гледжання ўмацоўваюць нецывілізацыю сутыкнення”.

Францішак падзякаваў ватыканскім навукоўцам за пазбяганне гэтай спакусы і за служэнне адзінству паміж людзьмі. Ён пажадаў сваім гасцям, каб гістарычныя даследаванні дапамагалі ім станавіцца “настаўнікамі чалавечнасці” і “служыцелямі чалавецтву”.
 

20 красавіка 2024, 10:11