Пошук

Пантыфік: кожны святар пакліканы ахвяраваць сабой дзеля бліжняга

Прынясенне сябе ў дар іншаму больш за ўсё набліжае святара да Бога, нагадаў Францішак супольнасці трох калегіумаў краін Лацінскай Амерыкі падчас аўдыенцыі, якая 4 красавіка 2024 года прайшла ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі навучэнцаў трох калегіумаў: Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума (Pontifico Collegio Pio Latinoamericano), Папскага пабожнага бразільскага калегіума (Pontificio Collegio Pio Brasiliano) і Папскага мексіканскага калегіума (Pontificio Collegio Messicano). Ён уручыў сваім гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы, у якой паразважаў на цэнтральную тэму святарскага жыцця – любоў.

Усе пакліканні нараджаюцца з любові, і захаваць яе – галоўны абавязак святара. “Бог заклікаў нас быць Яго дзецьмі і даручыў нам асаблівую задачу, якая набліжае нас да Яго: ахвяраваць сабой дзеля іншых. Яны – мэта нашага існавання, мэта нашай любові, таму што дзеля іх мы нясем тое служэнне, аб якім просіць нас Пан”, - нагадаў Францішак.

Святар павінен прынесці ў ахвяру, у Эўхарыстычны дар усю сваю істоту. Ён павінен быць не проста тэарэтычна гатовы да пакутніцтва, але прызнаць той факт, што яго роля – выконваць волю Езуса і адмовіцца ад сваёй. Вучоба, праца і адпачынак, кожнае рашэнне, будзь яно жыццёва важнае або штодзённае, - усё павінна падпарадкоўвацца гэтаму служэнню.

Нарэшце, святар мае нават большую патрэбу ў малітве, чым тыя, каму ён закліканы служыць. Пан на крыжы знайшоў суцяшэнне ў малітве (пар. Лк 22, 43). “Не недаацэньвайце моц заступніцтва тых, каго Бог паставіў на вашым шляху: настаўнікаў, іншых святароў, вашага бліжэйшага акружэння. Прасцей кажучы, верце ў малітву народа Божага і не забывайце маліцца за яго пастыраў і за мяне. Хай Езус благаслаўляе вас, а Маці Божая Гвадэлупская, імператрыца Амерыкі, ахоўвае вас”, - напісаў у сваёй прамове да супольнасці калегіумаў краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі Францішак.

04 красавіка 2024, 12:52