Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад у ААН: паскорыць барацьбу з жаночай беднасцю

Беднасць вядзе да адсутнасці адукацыі, працы, медыцынскай дапамогі, падвяргае жанчын гвалту, злоўжыванням, рызыкоўнаму мацярынству і перашкаджае развіццю іх патэнцыялу, - адзначыў на 68-й сесія Камісіі па становішчы жанчын Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пасяджэнне прайшло ў Нью-Ёрку 18 сакавіка 2024 года. Яго асноўная тэма – паскарэнне дасягнення гендэрнай роўнасці і пашырэнне правоў і магчымасцяў жанчын і дзяўчынак шляхам барацьбы з беднасцю, умацавання інстытутаў і фінансавання з улікам гендэрнай перспектывы.

Як нагадаў арцыбіскуп Габрыэле Кача, у многіх краінах свету жанчыны лічацца грамадзянамі другога гатунку. Яны падвяргаюцца гвалту і здзекам, ім адмаўляюць у праве на вучобу, працу, медыцынскую дапамогу і нават ежу. Кожная дзясятая жанчына жыве ў крайняй галечы.

Наступствы беднасці

Беднасць можа як выклікаць, так і пагоршыць шэраг сацыяльных праблем, якія закранаюць жанчын і дзяўчынак. Той, хто галадае, заклапочаны тым, як выжыць, і не ў стане “развіваць свае здольнасці або рэалізаваць свой патэнцыял”. Да фактараў рызыкі адносяцца таксама непрыдатнае жыллё, дрэннае харчаванне, адсутнасць вады і належных санітарных умоў. Недахоп ежы "можа мець доўгатэрміновыя наступствы для здароўя жанчын і дзяўчынак, у тым ліку для будучага мацярынства, а таксама негатыўна адбіваецца на адукацыі", - папярэдзіў прадстаўнік Святога Пасада.

Рызыка адсутнасці адукацыі

“Без адукацыі дзяўчынкі і жанчыны трапляюць у пастку невуцтва і галечы. Дзяўчынкі, якія не вучацца ў школе, падвяргаюцца больш высокай рызыцы сексуальнага гвалту і ранняга шлюбу. У сувязі з гэтым неабходна спрыяць адукацыі як дзяўчынак, так і хлопчыкаў, а таксама інфармаваць сем'і і супольнасці пра шкоду дзіцячай працы і дзіцячых шлюбаў”, - адзначыў арцыбіскуп Кача.

Стагнацыя ў зніжэнні мацярынскай смяротнасці

Глыбокую заклапочанасць Святога Пасада выклікае адсутнасць прагрэсу ў зніжэнні мацярынскай смяротнасці: “каля 800 жанчын па-ранейшаму паміраюць штодзень ад ускладненняў, звязаных з цяжарнасцю і родамі”. “Спадзяемся, што дзяржавы выканаюць свае абавязацельствы па забеспячэнні таго, каб кожная жанчына атрымлівала дародавы догляд і нараджала з дапамогай кваліфікаванай акушэркі ў належным чынам абсталяванай медыцынскай установе”, - зазначыў дыпламат.

Аборт - нярэдка несвабодны выбар

Па словах прадстаўніка Святога Пасада, узмацніўся ціск на міжнародныя ўстановы “з мэтай заахвочвання так званага сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя і рэпрадуктыўных правоў”. Многія жанчыны перапыняюць цяжарнасць, таму што адчуваюць, што не маюць іншага выбару з-за адсутнасці фінансавай і сацыяльнай падтрымкі. “Гэта не сапраўдная свабода і роўнасць”, - сказаў арцыбіскуп Кача, дадаючы, што трывіялізацыя абортаў і ігнараванне альтэрнатыў “часта сведчаць аб адсутнасці волі і прыхільнасці справе сапраўднай абароны жанчын” ад гвалту, эксплуатацыі, беднасці, адзіноты і трывогі.

Падтрымка Святога Пасада

Пастаянны назіральнік нагадаў, што ў аснове Пекінскай дэкларацыі 1995 года ляжыць прыхільнасць пераадоленню жаночай беднасці, спыненню гвалту ў адносінах да жанчын і прагрэсу ў галіне адукацыі і працы, а таксама доступа жанчын да зямлі, фінансаў і тэхналогій. "Святы Пасад аднаўляе сваю падтрымку гэтых пытанняў, якія застаюцца цэнтральнымі для дасягнення роўнасці жанчын і дзяўчынак”, - завяршыў сваю прамову арцыбіскуп Кача.

20 сакавіка 2024, 11:26