Пошук

Папа: перажываць кожную споведзь як непаўторны момант ласкі

У кантэксце Вялікага посту і Года малітвы ў рамках падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года Папа прапанаваў удзельнікам ватыканскага курса для спаведнікоў паразважаць над простай і багатай малітвай – Актам болю за грахі, які прамаўляецца падчас абраду паяднання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Першым, што прысутнічае ў гэтай “простай і багатай малітве, якая належыць да спадчыны святога вернага народа Божага”, з’яўляецца пакаянне, - заўважыў Францішак у сваёй прамове, якую ўручыў удзельнікам аўдыенцыі.

Гаворка ідзе не пра плён самааналізу ці пачуцця віны на ўзроўні псіхікі – тут “ўсё вынікае з усведамлення нашай мізэрнасці перад абліччам бясконцай любові Бога, Яго бязмежнай міласэрнасці”. І менавіта гэты досвед “падштурхоўвае нашу душу прасіць у Яго прабачэння, давяраючы Яго айцоўству”.

“У рэчаіснасці ў чалавеку пачуццё граху прапарцыянальна ўспрыманню бясконцай любові Бога – чым больш мы адчуваем Яго пяшчоту, тым больш жадаем быць у поўнай еднасці з Ім і тым больш відавочнай становіцца пачварнасць зла ў нашым жыцці. І менавіта гэта ўсведамленне, акрэсленае як пакаянне і боль, падштурхоўвае нас да разважання над самімі сабой і сваімі дзеяннямі, а таксама да навяртання. Памятайма, што Бог не стамляецца нам прабачаць, а мы з нашага боку ніколі не стамляемся прасіць у Яго прабачэння!” - сказаў Пантыфік.

Ён звярнуў увагу на яшчэ адно стаўленне – давер. У Акце болю за грахі Бог апісваецца як “бясконца добры і варты таго, каб Яго любілі больш за ўсё”.
“Любіць “больш за ўсё” азначае ставіць Бога ў цэнтры ўсяго, як святло на дарозе і падмурак усялякага парадку каштоўнасцей, давяраючы Яму ўсё. І гэта першаснасць, якая ажыўляе любую іншую любоў: да людзей і да стварэння, таму што той, хто любіць Бога, любіць свайго брата” і заўсёды шукае яго дабра ў справядлівасці і міры”, - звярнуў увагу святароў Францішак.

Трэцім аспектам з’яўляецца мэта – жаданне пэнітэнта больш не ўпадаць у здзейснены грэх, важны пераход ад знясілення да раскаяння, ад недасканалага да дасканалага болю.

“Насамрэч, ніхто з нас не можа абяцаць Богу больш не грашыць, і для атрымання прабачэння патрабуецца не гарантыя бездакорнасці, а актуальнае рашэнне, прынятае з правільным намерам у момант споведзі. Акрамя таго, гаворка ідзе пра абавязацельства, якое мы заўсёды бярэм на сябе з пакорай, што падкрэсліваецца словамі “з Тваёй святой дапамогай”, - адзначыў Папа. Ён дадаў, што “без Божай ласкі ніякае навяртанне не было б магчымым”.

“Дарагія, даручанае вам у канфесіянале заданне – прыгожае і важнае, бо дазваляе дапамагчы многім братам і сёстрам адчуць салодкасць Божай любові. Таму я заахвочваю вас перажываць кожную споведзь як унікальны і непаўторны момант ласкі і велікадушна дарыць прабачэнне Пана з прыязнасцю, айцоўствам і, адважуся сказаць, нават з мацярынскай пяшчотай”, - завяршыў сваю прамову да ўдзельнікаў семінара на тэму споведзі Францішак.
 

08 сакавіка 2024, 12:28