Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа: кожны з нас можа стаць сейбітам надзеі і міру

Стаць пасланцамі і сведкамі мары Езуса аб адзінай чалавечай сям'і, аб'яднанай Божай любоўю і вузамі міласэрнасці, супрацоўніцтва і братэрства, заклікаў Францішак у пасланні на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які будзе адзначацца 21 красавіка 2024 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

19 сакавіка 2024 года было абнародавана папскае пасланне з нагоды 61-га Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях. Сёлетняя тэма - Пакліканыя сеяць надзею і будаваць мір.

У сваім пасланні Пантыфік нагадаў аб тым, што пакліканне – гэта каштоўны дар, які Пан дае свайму вернаму народу, каб ён мог “удзельнічаць у яго плане любові і ўвасобіць прыгажосць Евангелля ў розных жыццёвых сітуацыях”. Пачуць гэты кліч Бога – самы верны спосаб ажыццявіць наша глыбокае жаданне шчасця. Наша жыццё набывае сэнс, калі мы разумеем, хто мы і які шлях нам трэба абраць, каб стаць знакам і інструментам любові, шчодрага прыняцця, прыгажосці і міру, дзе б мы ні апынуліся.

На думку Францішка, Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях з'яўляецца добрай нагодай для таго, каб успомніць усіх тых, хто адгукнуўся на заклік Пана: маці і бацькаў, адданых сваім дзецям і іх сталенню; людзей добрай волі, якія прысвячаюць сваё жыццё працы на агульнае дабро; кансэкраваных асоб, якія прысвяцілі сваё жыццё Пану ў маўклівай малітве і апостальскай дзейнасці, часам на задворках грамадства; святароў, якія самааддана абвяшчаюць Евангелле, сеюць насенне надзеі і адкрываюць усім прыгажосць Валадарства Божага.

Папа заклікаў моладзь дазволіць сабе зачаравацца Езусам, задаць Яму важныя пытанні, пакінуць Яму месца і знайсці шчасце ў тым, каб ісці за Ім і цалкам аддаць сябе Яму, калі Ён папросіць.

Шматгалоссе разнастайных харызм і пакліканняў хрысціянскай супольнасці дапамагае нам лепш зразумець, што значыць быць хрысціянамі – часткай народа Божага, які падарожнічае па дарогах свету. У дадзены гістарычны момант наша агульнае падарожжа набліжае нас да Юбілейнага 2025 года. “Давайце адправімся ў шлях насустрач Святому году як пілігрымы надзеі”, - заклікаў Францішак.

У 2024 годзе, прысвечаным малітве і падрыхтоўцы да Юбілею, усе мы закліканы зноў адкрыць для сябе бясцэнны дар магчымасці ўступіць у сардэчны дыялог з Панам, стаўшы такім чынам пілігрымамі надзеі, таму што "малітва – гэта першая сіла надзеі. Вы моліцеся, і надзея расце”, - нагадаў Святы Айцец.

“Быць пілігрымам – значыць кожны дзень адпраўляцца ў дарогу, пачынаць усё нанова, знаходзіць энтузіязм і моц, каб прайсці розныя этапы падарожжа, якое, нягледзячы на стомленасць і цяжкасці, заўсёды адкрывае перад нашымі вачыма новыя гарызонты і невядомыя перспектывы”, - зазначыў Папа.

Сэнс хрысціянскай пілігрымкі заключаецца ў наступным: мы адпраўляемся ў падарожжа, каб спазнаць любоў Бога і ў той жа час спазнаць саміх сябе, праз унутранае падарожжа, якое падсілкоўваецца адносінамі з іншымі людзьмі. Мы – пілігрымы, таму што пакліканы любіць Бога і адзін аднаго. “Мы – пілігрымы надзеі, таму што рухаемся да лепшай будучыні і імкнемся пабудаваць яе на гэтым шляху”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак паўтарыў свой заклік на Сусветныя дні моладзі ў Лісабоне: "Rise up!” (Уставайце!) “Давайце прачнёмся ад сну, пакінем абыякавасць, адкрыем дзверы турмы, у якой мы часам замыкаемся, каб кожны з нас мог адкрыць сваё сапраўднае пакліканне ў Касцёле і свеце і стаць пілігрымам надзеі і рамеснікамі міру! Давайце захопімся жыццём і прысвецім сябе клопату аб тых, хто побач з намі, а таксама пра навакольнае асяроддзе, у якім мы жывем”, - заклікаў Папа.

“Давайце ўстанем і адправімся ў шлях як пілігрымы надзеі, каб, як Марыя для святой Альжбеты, стаць веснікамі радасці, крыніцамі новага жыцця і рамеснікамі братэрства і міру”, - завяршыў сваё пасланне Францішак.

19 сакавіка 2024, 12:20