Пошук

Папа да дабрачынцаў: служыць апошнім і супрацоўнічаць

Самыя важныя рэсурсы для спраў Пана – гэта не рэчы, а людзі, з іх запалам, творчасцю, навыкамі і досведам, нагадаў Францішак, прымаючы на аўдыенцыі дабрачынцаў Фонду біскупа Каміла Фарэзіна.

Марыя Валодзіна - Vatican News

16 сакавіка 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане супольнасць дабрачыннага Фонду біскупа Каміла Фарэзіна з нагоды 20-годдзя яго заснавання. Біскуп Фарэзін прысвяціў сваё жыццё місіянерскаму служэнню апошнім у Мату-Гросу (Бразілія). Сёння яго паслядоўнікі ў Бразіліі, Італіі і іншых частках свету працуюць у розных сферах: ад адукацыі да сацыяльнай дапамогі, ад аховы здароўя да забеспячэння годных умоў жыцця і магчымасцяў працаўладкавання.

У сваёй прамове, якую прачытаў мансеньёр Філіпа Чампанэлі з Дзяржаўнага сакратарыяту, Святы Айцец асабліва падкрэсліў два важныя напрамкі дзейнасці Фонду: дапамогу апошнім і сумесную працу.

Францішак нагадаў, што біскуп Каміла Фарэзін і яго браты, салезіянін айцец Санта Фарэзін і дыяцэзіяльны святар ксёндз Джавані Батыста Фарэзін, былі людзьмі сціплага паходжання. Каштоўнасці міласэрнасці і місіянерскай стараннасці яны атрымалі ад сваёй простай, адданай, сціплай і годнай сям'і. Яны дапамагалі апошнім “з нястомнай любоўю, шчодрасцю і розумам нават перад абліччам вялікіх цяжкасцяў”, - сказаў Папа, нагадваючы, што біскуп Каміла Фарэзін лічыцца праведнікам народаў свету за дапамогу яўрэям падчас Другой сусветнай вайны. Потым у Бразіліі ён да самай смерці працягваў сваё служэнне бедным, пакінуўшы нам выдатны прыклад для пераймання: заўсёды быць з апошнімі, дапамагаць ім і падзяляць іх жыццё.

Пантыфік заклікаў гасцей заўсёды імкнуцца да супрацоўніцтва і сінэргіі з іншымі касцёльнымі рэаліямі. Сумесная праца – гэта не толькі разумны спосаб аптымізацыі рэсурсаў, але і шлях навучання міласэрнасці і еднасці, а таксама абвяшчэння Евангелля. “Дзейнічаць разам значыць не толькі рабіць дабро, але і, перш за ўсё, расці разам у дабры, каб служыць і падтрымліваць адзін аднаго”, - нагадаў Папа, дадаючы, што сумесная праца таксама з'яўляюцца выразам веры ў Божы провід, які біскуп Фарэзін называў крыніцай рэсурсаў для спраў Божых. “Самыя важныя рэсурсы для спраў Пана – гэта не рэчы, а мы”, з нашым запалам, творчасцю, навыкамі і досведам, а таксама з нашымі слабасцямі. Уклад кожнага з нас дае вялікі плён, пра што сведчыць мінулая і сучасная гісторыя фонду, - гаворыцца ў прамове Святога Айца.

16 сакавіка 2024, 10:54