Пошук

Пантыфік: рэалізацыя правасуддзя патрабуе мужнасці

На неабходнасць мужнасці ў жыцці і прафесіі звярнуў увагу ватыканскіх суддзяў і пракурораў Папа. Ён прыняў іх на аўдыенцыі 2 сакавіка 2024 года. Нагодай стала адкрыццё 95-га судовага года ў Дзяржаве Ватыкан.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў аб тым, што “для хрысціян гэта тая цнота, якая ў цяжкасцях, у спалучэнні са стойкасцю, забяспечвае сталасць у імкненні да дабра і робіць чалавека здольным супрацьстаяць выпрабаванням”, гэта рыса, „якая даруецца і ўмацоўваецца ў сустрэчы з Хрыстом, як плён дзеяння Духа Святога, які кожны можа атрымаць, калі Яго папросіць”.

Мужнасць, на думку Святога Айца, „змяшчае ў сабе пакорную сілу, якая грунтуецца на веры і блізкасці да Бога і выяўляецца асаблівым чынам у здольнасці дзейнічаць з цярпеннем і настойлівасцю, адкідваючы ўнутраныя і знешнія абумоўленасці, якія перашкаджаюць рэалізацыі дабра”.

Гэта цнота патрэбна як у штодзённым жыцці з яго цяжкасцямі, так і ў прафесійным – у рэалізацыі правасуддзя. „Фактычна, разам з цнотамі разважлівасці і справядлівасці, якія павінны абапірацца на міласэрнасць, і неабходнай умеранасцю, задача судзейства патрабуе цнотаў стойкасці і мужнасці, без якіх мудрасць рызыкуе застацца бясплоднай”, - заўважыў Папа.

Ён нагадаў, што “аб трываласці інстытутаў і цвёрдасці рэалізацыі правасуддзя сведчаць спакой суда, незалежнасць і бесстароннасць тых, хто закліканы судзіць на розных этапах працэсу”. “Лепшы адказ – працавітае маўчанне і сур'ёзнае стаўленне да працы, якія дазваляюць нашым судам рэалізаваць правасуддзе аўтарытэтна і бесстаронна, гарантуючы захаванне працэсуальных норм і паважаючы пры гэтым асаблівасці ватыканскай сістэмы”, - лічыць ён.

Нарэшце, перакананы Францішак, мужнасць патрэбна, “каб прасіць у малітве святла Духа Святога, якое заўсёды павінна асвятляць распазнаванне, неабходнае для вынясення справядлівага прысуду”, а “распазнаванне адбываецца на каленях”.

Папа пажадаў супрацоўнікам Трыбунала Дзяржавы Ватыкан і Офіс прамотара справядлівасці ў любой сітуацыі захоўваць разважлівасць і хрысціянскую мужнасць.
 

02 сакавіка 2024, 13:24