Пошук

Айцец Анзэльм Грун Айцец Анзэльм Грун 

Нямецкі бенедыктынец і аўтар бестселераў у Францішка

Айцец Анзэльм Грун, нямецкі бенедыктынец і аўтар бестселераў, быў прыняты Папам на прыватнай аўдыенцыі 4 сакавіка 2024 года. Аб сустрэчы манах распавёў кёльнскаму парталу domradio.de.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак падзякаваў яму за тое, што “дапамагае людзям сваімі кнігамі”, і падкрэсліў, што гэта вельмі важна для людзей, а таксама для Касцёла. “Ён заахвоціў мяне працягваць маю працу”, - прызнаўся айцец Грун.

Тэолаг жыве ў абацтве Мюнстэршварцах каля Вюрцбурга. З 1979 года напісаў больш за 300 кніг. Займаецца ў асноўным духоўнасцю і лайф-коучынгам. З мільённымі тыражамі кніг, ён лічыцца адным з найбольш папулярных хрысціянскіх аўтараў нашага часу.

Манах ахарактарызаваў папскую аўдыенцыю як “вельмі захапляльны” досвед. Ён сказаў, што абавязаны гэтым сямейнай пары з аднаго са сваіх курсаў. Яны хацелі зрабіць падарунак і напісалі ліст у Ватыкан. Потым на электронную пошту прыйшло паведамленне: “Сардэчна запрашаем у панядзелак 4 сакавіка ў восем гадзін”.

Францішак сустрэў яго поціскам рукі ў сваёй асабістай бібліятэцы. “Ён таксама ўстаў, хоць у яго відавочна ёсць праблемы з гэтым. Яго голас быў не такім моцным, як звычайна. Але ў душы ён быў вельмі ўважлівым і вельмі прыязным”, - паведаміў бенедыктынец. "Вы манах, які не баіцца”, - сказаў Папа.

Ён прызнаўся, што Пантыфік заахвоціў яго “працягваць пытацца, якое пасланне сёння патрэбна людзям”. Францішак лічыць, што ён, айцец Грун, надае людзям мужнасці. На думку Папы, “мае кнігі выпраменьваюць давер, а не страх”, - падзяліўся аўтар хрысціянскіх бестселераў.
 

06 сакавіка 2024, 10:29