Пошук

Дзеці ў Ватыкане. Архіўнае фота Дзеці ў Ватыкане. Архіўнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак напісаў да дзяцей і запрасіў іх у Рым на свята

“Звяртаюся перш за ўсё да кожнага з вас асабіста, да цябе, дарагая дзяўчынка, да цябе, дарагі хлопчык, таму што “ты каштоўны” ў вачах Бога”, - так пачынаецца пасланне Папы на І Сусветны дзень дзяцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Вось чыню ўсё новае” (Ап 21, 5) – пад такім дэвізам падлеткі ва ўсім Касцёле будуць адзначаць сваё свята 25-26 мая 2024 года.

Францішак адрасаваў сваё пасланне і “да ўсіх”. Ён патлумачыў чаму: “таму што ўсе вы важныя і таму, што разам, блізкія і далёкія, выказваеце жаданне кожнага з нас развівацца і абнаўляцца”.

Ён параіў дзецям “заўсёды ўважліва слухаць аповеды дарослых: мам, тат, бабуль і дзядуляў, прадзедаў”, і ў той жа час не забывацца пра тых аднагодак, якія “змагаюцца з хваробамі і цяжкасцямі, у шпіталі ці дома, якія сталі ахвярай вайны і насілля, якія пакутуюць ад голаду і смагі, жывуць на вуліцах, вымушаныя стаць салдатамі ці ўцякаць у якасці бежанцаў, разлучаныя з бацькамі, не могуць хадзіць у школу, з'яўляюцца ахвярамі злачынных груповак, наркотыкаў ці іншых форм рабства і эксплуатацыі”, “словам, пра ўсіх тых дзяцей, у якіх па сённяшні дзень жорстка адымаюць дзяцінства”.

“Мае маладыя сябры, каб абнавіць сябе і свет, нам недастаткова быць разам паміж сабой: мы павінны быць з’яднаныя з Езусам. (...) З Панам мы можам марыць аб новым чалавецтве і прысвяціць сябе больш братэрскаму грамадству, якое клапоціцца пра наш супольны дом, пачынаючы з простых рэчаў, такіх як прывітанне іншых, просьба аб дазволе і прабачэнні, слова дзякуй”, - звярнуўся Францішак у тэксце, апублікваным 2 сакавіка 2024 года. Ён заўважыў, што “свет змяняецца ў першую чаргу праз малыя рэчы”.

Святы Айцец нагадаў дзецям, што самотна не можна здабыць шчасця, бо “радасць расце ў той жа ступені, у якой мы ёю дзелімся – яна нараджаецца з падзякі за дары, якія мы атрымалі і якімі, у сваю чаргу, дзелімся з іншымі”. “Сяброўства неверагодна прыгожае і развіваецца толькі тады, калі мы дзелімся з іншымі і прабачаем, з цярпеннем, адвагай, творчасцю і фантазіяй, без страху і прадузятасці”, - звярнуў увагу ён.

“А цяпер я хачу адкрыць вам важную таямніцу: каб быць па-сапраўднаму шчаслівымі, трэба маліцца, маліцца шмат кожны дзень, таму што малітва злучае нас непасрэдна з Богам, напаўняе нашы сэрцы святлом і цеплынёй і дапамагае нам усё рабіць з даверам і спакоем”, - напісаў Пантыфік да дзяцей.

Францішак запрасіў дзяўчынак і хлопчыкаў сустрэцца ў Рыме 25-26 мая 2024 года, а каб добра падрыхтавацца, рэкамендаваў ім маліцца словамі Езуса – прамаўляць Ойча наш кожную раніцу і кожны вечар, па магчымасці ў сям'і, з бацькамі, братамі, сёстрамі, бабулямі і дзядулямі.

Завяршаючы пасланне, Францішак прапанаваў дзецям сваю малітву: “Прыйдзі, Дух Святы, пакажы нам сваю прыгажосць, якая адлюстроўваецца ў абліччах дзяўчат і хлопцаў зямлі. Прыйдзі, Езус, Які чыніш усё новае, Які ёсць дарогай, што вядзе нас да Айца, прыйдзі і заставайся з намі. Амэн”.
 

02 сакавіка 2024, 13:34