Пошук

Францішак абмыў ногі 12 зняволеным жанчынам

Папа ўзначаліў Імшу Вячэры Пана ў Вялікі чацвер 28 сакавіка 2024 года ў жаночай турме Рэбібія на ўскраіне Рыма. Па прыкладзе Хрыста, які абмыў ногі 12 апосталам, Папа абмыў ногі 12 зняволеным жанчынам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У кароткай імправізаванай гаміліі Францішак звярнуў увагу на дзве падзеі, звязаныя з Вялікім чацвяргом: абмыванне Езусам ног, праз якое Ён вучыць шляху служэння, і здраду Юды, які не ўмеў любіць і таму ўчыніў зло.

Пантыфік патлумачыў, што Езус прабачае ўсё і заўсёды, хоча толькі, каб мы прасілі ў Яго прабачэння. Ён нагадаў шматразова цытаваныя словы адной пажылой жанчыны, ад якой пачуў, што Бог не стамляецца прабачаць, але мы стамляемся прасіць аб гэтым. “Давайце папросім у Бога ласкі не пераставаць прасіць аб прабачэнні”, - заклікаў Святы Айцец, запэўніўшы, што Збаўца чакае чалавека з распасцёртымі абдымкамі.

Францішак патлумачыў, што жэстам абмывання ног Хрыстус прыцягвае ўвагу да паклікання служэння. “Давайце папросім Бога, каб мы ўсе раслі ў нашым пакліканні служыць”, - сказаў на заканчэнне Папа, пасля чаго на інвалідным вазку пад'ехаў да ўзвышэння, на якім сядзелі 12 жанчын-зняволеных. Ён сімвалічна абмыў, выцер ручніком і пацалаваў іх ногі.

Падчас Эўхарыстычнай Літургіі Святога Айца ля алтара змяніў кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый, арцыбіскуп Дыега Равэлі. Францішак, апрануты ў арнат, далучыўся да цэлебрацыі са свайго месца.

У Імшы ў намёце на спартыўнай пляцоўцы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі Prison Fellowship Italia (Італьянскага турэмнага брацтва) і руху Абнаўленне ў Духу Святым, якія штодзённа дапамагаюць зняволеным у якасці валанцёраў.

Турэмны капелан, ксёндз Андрэа Карасэла распавёў агенцтву SIR, што зняволеныя рыхтаваліся да сустрэчы з Пантыфікам праз катэхізацыю, якая тлумачыць жэст абмывання ног. У турме Рэбібія знаходзяцца 360 жанчын і адно дзіця.

Дырэктар турмы Надзя Фантана звярнулася да Папы з велікоднымі пажаданнямі ад імя падапечных і персаналу ўстановы, пасля чаго зняволеныя жанчыны падарылі Францішку кошык з прадуктамі з турэмнага саду, а таксама ружанец і два палантыны ручной работы. Святы Айцец у адказ перадаў установе абраз Маці Божай з Немаўлём.
 

29 сакавіка 2024, 09:50