Пошук

Святы Айцец: захоўваць малітоўную атмасферу ў храмах

Дазволіць пілігрымам сузіраць іканаграфічны праект Гаўдзі ва ўсёй яго паўнаце заклікаў Францішак адказных за будаўніцтва базілікі Саграда Фамілія ў Барселоне.

Марыя Валодзіна - Vatican News

17 лютага 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Фонду будаўнікоў (Junta Constructora) базілікі Саграда Фамілія ў Барселоне.

Вітаючы гасцей, Папа нагадаў аб тым, што бягучы 2024 год, Год малітвы, павінен дапамагчы вернікам падрыхтавацца да Юбілею 2025 года. “Цэлы год у малітве пра гэта. Важна, каб у храмах не была страчана малітоўная атмасфера, і гэта павінна быць адным з прыярытэтаў для тых, хто нясе адказнасць за святыні”, - адзначыў Святы Айцец.

Базіліка Саграда Фамілія спраектавана такім чынам, што кожны партал мае сваю тэму, праілюстраваную ўрыўкамі Святога Пісання і абрамленую малітвай. Першы партал – партал Веры з выявай Езуса ў святыні сярод настаўнікаў, абрамлены малітвай Трысвятое. “Вучэнне веры павінна заўсёды суправаджацца малітвай”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Цэнтральны партал – партал Любові, упрыгожаны выявай Святой Сям'і, запрашае нас звярнуць позірк да таямніцы ўцелаўлення і ўзяць у рукі ружанец, які на вітражах абрамляе Бэтлеемскую зорку, як бы кажучы: вось наша святло. Менавіта ў глыбокай адарацыі, у сузіральнай малітве аб таямніцах мы адкрываемся гэтаму свету, як вялікі вітраж вашай святыні”, - звярнуўся Францішак да прадстаўнікоў фонду, які займаецца будаўніцтвам базілікі Саграда Фамілія.

Напрыканцы зварота, Папа заахвоціў гасцей так вітаць пілігрымаў у базіліцы, каб яны маглі “сузіраць іканаграфічны праект Антоніа Гаўдзі ва ўсёй яго паўнаце, каб іх погляды, як вежы базілікі, уздымаліся ўвышыню, а іх галасы абвяшчалі анёламі: Наш святы Бог – несмяротны”.

17 лютага 2024, 11:03