Пошук

Французская манахіня, якая ратуе дзяцей у гаіцянскіх трушчобах Французская манахіня, якая ратуе дзяцей у гаіцянскіх трушчобах 

Святы Айцец патэлефанаваў манахіні на Гаіці

3 лютага 2024 года Папа патэлефанаваў сястры Паэзі, якая дапамагае 2500 гаіцянскім дзецям у трушчобах Сітэ-Салей. Ён распытаў пра сітуацыю на Гаіці і падтрымаў намаганні манахіні на карысць дзяцей з бедных сем'яў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Французская манахіня жыве ў сталіцы Гаіці з 1999 года, прысвячаючы сябе клопату аб "маленькім статку", які складаецца з дзяцей надзвычай беднага і густанаселенага раёна Сітэ-Салей.

У інтэрв’ю Vatican News яна падзялілася ўражаннямі ад тэлефоннай размовы з Францішкам: “Для мяне гэта стала вялікім сюрпрызам. Калі зазваніў тэлефон, я, відавочна, зусім не чакала, што мне патэлефануе Святы Айцец. Ён падбадзёрыў мяне і падзякаваў за тое, што я застаюся побач з дзецьмі. Ён запэўніў мяне ў сваіх малітвах. Гэта сапраўды кранула мяне. Што сапраўды ўразіла мяне падчас размовы, дык гэта голас Святога Айца. Я адчула вялікую мяккасць і дабрыню”.

Па словах манахіні, тэлефонны званок Папы “прынёс радасць і надзею многім людзям”, таму што быў адрасаваны не толькі ёй, “гэта быў сапраўдны жэст у адносінах да дзяцей і найбяднейшых людзей Гаіці”.

Штодзённае жыццё ў Порт-о-Прэнсе

“Вось ужо некалькі гадоў у працоўных кварталах адбываюцца сутыкненні паміж узброенымі групоўкамі. Банды становяцца ўсё больш магутнымі і больш не абмяжоўваюцца працоўнымі кварталамі, але прысутнічаюць практычна ў кожным раёне сталіцы і нават у некалькіх правінцыйных гарадах. У выніку людзі жывуць у рэальным страху быць абрабаванымі ў любы момант”, - распавяла сястра Паэзі.

“Калі банда ўрываецца ў раён, усім даводзіцца ратавацца ўцёкамі. Вы бачыце, як людзі бягуць са сваімі дзецьмі. Падпальваюць дамы, гэта вядзе да поўнага спынення дзейнасці ў краіне. Найбяднейшыя людзі жывуць у залежнасці ад рынкаў, але калі сітуацыя пагаршаецца, калі на вуліцах гвалт, стральба і барыкады, рынкі не могуць працаваць. Гэта павялічвае беднасць і голад”, - патлумачыла манахіня.

Выкраданні людзей

На пытанне пра тое, ці адчувае яна сябе ў бяспецы пасля нядаўняга выкрадання шасці манахінь, сястра Паэзі адказала, што “выкраданні людзей у Порт-о-Прэнсе закранаюць усе слаі грамадства. Пэўныя людзі могуць стаць асаблівай мішэнню, напрыклад, вельмі багатыя, якіх выкрадаюць у абмен на выкуп. Часам выкрадаюць і звычайных мінакоў, пасажыраў грамадскага транспарту, людзей не асабліва заможных. У выпадку з шасцю манахінямі цяжка сказаць. У мяне не ўзнікла адчування, што Касцёл стаў асаблівай мішэнню. Яны дзейнічалі ў надзеі атрымаць выкуп”.

Становішча бежанцаў

Паводле дадзеных ААН, у выніку насілля на Гаіці больш за 300 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Адказваючы на пытанне аб тым, дзе знаходзяць прытулак перамешчаныя сям'і, манахіня патлумачыла, што “не існуе ніякіх пляцовак, нічога па-сапраўднаму арганізаванага, каб прыняць іх”. “У большасці выпадкаў людзі адпраўляюцца да сваякоў, якія звычайна прымаюць іх гасцінна. Але гэта доўжыцца некалькі дзён, потым становіцца невыносна. Сем'і жывуць у невялікіх дамах, часта ў адным пакоі месціцца тузін чалавек. Людзі, якія прыбываюць, згубілі ўсё і залежаць ад прымаючай сям'і. Гэта сапраўды складана. Мы бачым людзей, якія спяць на вуліцах са сваімі дзецьмі, чаго раней у Порт-о-Прэнсе не было”, - падзялілася манахіня.

Дапамога дзецям

На пытанне пра тое, якая будучыня чакала б шматлікіх беспрытульных дзяцей без дапамогі Касцёла, сястра Паэзі адказала, што “яны былі б кінутыя на волю лёсу і жылі б у галечы. Што б з імі стала? Толькі Пан ведае. Некалькі дзён таму некалькі маці сказалі мне: "Сястра, калі б не ты, мы б усе памерлі". Думаю, яны трохі перабольшвалі, але гэта тое, што яны адчуваюць”.

“Часам я нават здзіўляюся, як людзям удаецца выжыць, калі яны па некалькі дзён абыходзяцца без ежы, не маюць нічога. Пан прысутнічае. (…) Ён ніколі не пакідае сваіх дзяцей”, - адзначыла манахіня.

Жыхары Гаіці пакідаюць свае дамы з-за гвалту ўзброенных банд
Жыхары Гаіці пакідаюць свае дамы з-за гвалту ўзброенных банд
05 лютага 2024, 11:40