Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: нянавіць да яўрэяў і юдаізму – грэх супраць Бога

Касцёл адназначна асуджае праявы нянавісці да яўрэў і юдаізму, - нагадаў Францішак, выказваючы надзею на супрацоўніцтва паміж удзельнікамі каталіцка-юдэйскага дыялогу для выкаранення антысемітызму і антыюдаізму.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Маё сэрца блізкае да вас, да Святой Зямлі, да ўсіх яе жыхароў, ізраільяцянаў і палесцінцаў, і я малюся, каб жаданне міру ўзяло верх над усімі. Ведайце, што вы блізкія майму сэрцу і сэрцу Касцёла”, - напісаў Папа ў лісце да юдэйскага тэолага Кармы Бэн Ёханан. Ізраільская даследчыца з’яўляецца адным з ініцыятараў нядаўняга звароту да Святога Айца, які падпісалі каля 400 рабінаў і навукоўцаў дзеля ўмацавання юдэйска-хрысціянскага дыялогу пасля трагедыі 7 кастрычніка 2023 года.

Пантыфік з жалем зазначыў, што Святую Зямлю не абмінулі пакуты, выкліканыя “фрагментарнай сусветнай вайной”, якая сее страх і боль ва ўсім свеце. Гэта вайна “парадзіла ў сусветнай грамадскай думцы рознагалоссі, якія, часам, прыводзяць да розных форм антысемітызму і антыюдаізму”, - напісаў ён, нагадваючы, што Касцёл “адназначна асуджае праявы нянавісці да яўрэў і юдаізму, як грэх супраць Бога”. Ён выказаў надзею на больш шчыльнае супрацоўніцтва паміж удзельнікамі каталіцка-юдэйскага дыялогу для выкаранення гэтых з’яў.

“Я запэўніваю вас у сваёй блізкасці і сяброўстве. Я абдымаю кожнага з вас і асабліва тых, хто ахоплены пакутамі, болем, страхам і нават гневам. Разам з вамі мы аплакваем загінулых, параненых, пакалечаных, просячы Бога-Айца ўмяшацца і пакласці канец вайне і нянавісці”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак зазначыў, што ў часы спусташэння нялёгка ўбачыць “гарызонт будучыні, у якім святло заменіць цемру, а сяброўства – нянавісць”. “Але мы, юдэі і католікі, з’яўляемся сведкамі менавіта такога гарызонту. Нам яшчэ шмат трэба будзе зрабіць разам, каб свет, які мы пакінем тым, хто прыйдзе пасля нас, стаў лепшым, але я ўпэўнены, што мы зможам працягнуць працаваць разам дзеля гэтай мэты”, - напісаў Папа.

Карма Бэн Ёханан выказала ўдзячнасць Святому Айцу за яго адказ, а таксама за давер і дух сяброўства, з якім ён, а разам з ім і ўвесь Касцёл, пацвердзілі асаблівыя адносіны, якія аб’ядноўваюць каталіцкую і юдэйскую супольнасці. “Мы гатовы супрацоўнічаць, каб нянавісць і гвалт былі выкаранены і адкрыліся дзверы да сапраўднага міру для ўсіх нас, жыхароў гэтай зямлі: яўрэяў, хрысціян і мусульман. Разам з хрысціянамі мы ўпэўнены, што рэлігіі могуць быць творчай сілай, здольнай адкрыць шляхі, якія ў адваротным выпадку засталіся б закрытымі”, - напісала тэолаг.
 

04 лютага 2024, 12:00