Пошук

Святы Айцец заклікае маліцца за сучасных мучанікаў

“Пасярод нас заўсёды будуць мучанікі. Гэта знак таго, што мы на правільным шляху”, - заўважыў Пантыфік у відэароліку, у якім абвясціў сваю малітоўную інтэнцыю на сакавік 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак расказаў гісторыю “мала вядомага мучаніцтва”, якая “адлюстроўвае аблічча сучаснага Касцёла”. “Калі я наведваў лагер для бежанцаў на Лесбасе, адзін мужчына сказаў мне: “Ойча, я мусульманін. Мая жонка была хрысціянкай. У нашу краіну прыйшлі тэрарысты і, убачыўшы нас, яны спыталі, якога мы веравызнання. На маёй жонцы яны заўважылі крыжык і загадалі кінуць яго на зямлю. Яна не зрабіла гэтага і на маіх вачах ёй перарэзалі горла”, - распавёў Святы Айцец.

Па словах Папы, гэты мужчына быў уражаны прыкладам любові да Хрыста, якая прывяла яго жонку да пакоры і вернасці да самай смерці. “Браты, сёстры, пасярод нас заўсёды будуць мучанікі. Гэта знак таго, што мы на правільным шляху. Адзін дасведчаны чалавек сказаў мне, што сёння мучанікаў больш, чым на пачатку хрысціянства. Адвага мучанікаў, сведчанне мучанікаў – гэта благаслаўленне для ўсіх”, - сцвердзіў ён.

“Молімся, каб тыя, хто ў розных частках свету рызыкуе жыццём дзеля Евангелля, запалілі ўвесь Касцёл сваёй адвагай і місійнай руплівасцю”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Францішак, заклікаючы быць адкрытымі на ласку мучаніцтва.
 

27 лютага 2024, 16:00