Пошук

Святы Айцец: быць здольнымі рызыкаваць на шляху дыялогу

2 лютага 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Нацыянальнай федэрацыі Італія-Кітай. Нагодай для сустрэчы стаў Кітайскі Новы год, які будзе адзначацца 10 лютага.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заўважыў, што асацыяцыя на працягу многіх гадоў праводзіць разнастайныя ініцыятывы, з мэтай прасоўвання дыялогу паміж Італіяй і Кітаем, “адказваючы на выклікі, звязаныя з культурнай інтэграцыяй, адукацыяй, сацыяльнымі каштоўнасцямі”. Ён заклікаў сваіх гасцей працягваць ісці гэтым шляхам, каб “узаемнае знаёмства паміж італьянскай і кітайскай супольнасцямі магло паспрыяць росту ўзаемнага прыняцця і духу братэрства”.

Святы Айцец падзякаваў прадстаўнікам Акадэміі кітайскіх баявых мастацтваў з Верчэлі за выкананне традыцыйных танцаў. Ён падкрэсліў, што ў высакароднай кітайскай традыцыі яны выяўляюць пажаданне плённага і багатага дабром новага году”. Пантыфік заўважыў таксама, што акрабаты выконваюць трукі з высокім узроўнем рызыкі. “Таму, гледзячы на гэтыя акрабатычныя танцы, я жадаю ўсім вам умець заўсёды рызыкаваць на шляху дыялогу, становячыся “акрабатамі міру і братэрства”, - сказаў Францішак, запэўніваючы сваіх гасцей у малітве і просячы маліцца за яго.
 

02 лютага 2024, 12:38