Пошук

Папа святарам: несці жывую ваду Евангелля ў сэрцы людзей і свет

Францішак заклікаў святароў жыць радасцю Евангелля, не губляць пачуцця прыналежнасці да Божага народа і дапамагаць людзям нашага часу нарадзіцца да новага жыцця ў Хрысце.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

8 лютага 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі аб пастаяннай фармацыі святароў, арганізаванай у Ватыкане Дыкастэрыяй па справах духавенства. Ён указаў на важнасць шляху радасці Евангелля, прыналежнасці да народа і душпастырскай плённасці.

Радасць Евангелля

Святы Айцец нагадаў, што ў цэнтры хрысціянскага жыцця знаходзіцца “сяброўства з Панам, які вызваляе нас ад смутку індывідуалізму і рызыкі жыцця без сэнсу, без любові і без надзеі”. Ён заклікаў памятаць пра пяшчотную любоў і міласэрнасць Бога і сведчыць пра яе жыццём, “каб усе маглі адкрыць для сябе прыгажосць збаўчай любові Бога, аб’яўленай у памерлым і ўваскрослым Езусе Хрысце”. “Будзем памятаць, што казаў святы Павел VI: быць сведкамі, перш чым настаўнікамі, сведкамі Божай любові, адзінай, якая важная”, - заахвоціў Пантыфік.

“Тут мы знаходзім краевугольны камень пастаяннай фармацыі, не толькі святароў, але кожнага хрысціяніна”, - сказаў Папа, нагадваючы, што “толькі калі будзем вучнямі, зможам стаць слугамі Бога і місіянерамі Яго Валадарства. Толькі прымаючы і захоўваючы радасць Евангелля, мы зможам несці гэту радасць іншым”.

Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць цэласнай чалавечай фармацыі для святароў. Быць вучнем Пана – гэта лад жыцця і таму патрабуе клопату пра нашу чалавечнасць. “Ёсць патрэба ў цалкам чалавечных святарах, здольных на добрыя адносіны, сталых у пераадоленні выклікаў служэння, каб суцяшэнне Евангелля дасягнула Божага народу праз іх чалавечнасць, перамененую Духам Езуса. Не будзем ніколі забываць пра гуманізуючую сілу Евангелля!”, - заклікаў Пантыфік.

Прыналежнасць да народа

Францішак нагадаў, што місійнымі вучнямі можна быць толькі разам. Ён падкрэсліў, што прыналежнасць да народа “абараняе, падтрымлівае ў цяжкасцях, суправаджае ў пастырскіх трывогах і ахоўвае ад рызыкі адарвання ад рэальнасці і адчування сябе ўсемагутнымі”. Згуба ўсведамлення прыналежнасці да народа, на думку Папы, з’яўляецца таксама коранем усякіх форм злоўжыванняў.

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва ў Касцёле паміж прадстаўнікамі розных станаў, пакліканняў, служэнняў і харызматаў. “А гэта патрабуе ад нас таго, каб з пакорнай мудрасцю вучыліся ісці разам, робячы сінадальнасць стылем хрысціянскага і святарскага жыцця”, - сказаў Папа, адзначаючы таксама вялікае значэнне святарскага братэрства.

Плённасць служэння

Святы Айцец заўважыў, што адметная рыса слугаў Хрыста – гэта служэнне. “Займацца фармацыяй святароў значыць служыць ім, служыць іх жыццю, падбадзёрваць іх шлях, дапамагаць у распазнаванні, суправаджаць у цяжкасцях і падтрымліваць іх у пастырскіх выкліках”, - сцвердзіў ён, нагадваючы, што святар, якога выхоўвалі такім чынам, будзе служыць Божаму народу, будзе блізкім да людзей, і будзе браць на сябе цяжары іншых, як зрабіў Езус на крыжы.

“Будзем глядзець на гэту катэдру, браты і сёстры: на крыж. На ім, палюбіўшы нас да канца, Пан стварыў новы народ. Таксама і мы, калі пачынаем служыць іншым, калі станомвіся бацькамі і маці для тых, хто давераны нам, ствараем Божае жыццё. Гэта таямніцу пастырскай плённасці: не душпастырства, у цэнтры якога знаходзімся мы самі, але душпастырства, якое нараджае дачок і сыноў да новага жыцця ў Хрысце, якое нясе жывую ваду Евангелля на глебу чалавечага сэрца і сучаснасці”, - сказаў Папа, заклікаючы святароў не стамляцца быць міласэрнымі, прабачаць заўсёды, бо прабачэнне мае пераўтваральную сілу.
 

08 лютага 2024, 10:40