Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік на Сусветны дзень місій: нястомна ісці да ўсяго чалавецтва

Быць місіянерам, значыць “нястомна выходзіць да ўсяго чалавецтва, каб запрашаваць яго на сустрэчу з Богам і да адзінства з Ім”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

2 лютага 2024 года Святы Айцец скіраваў пасланне на 98-ы Сусветны дзень місій, які сёлета пройдзе 20 кастрычніка. Яго тэма: “Пайдзіце і запрасіце на вяселле ўсіх” (пар. Мц 22,9). Яна натхнёная евангельскай прыпавесцю пра караля, які загадаў сваім слугам пайсці на ростані і паклікаць на вяселле яго сына ўсіх, каго сустрэнуць.

Прапанаючы паразважаць над гэтай гісторыяй у евангелізацыйным ключы, Пантыфік заўважыў, што раней слугі ўжо выходзілі несці пасланне караля запрошаным на свята. Гэта кажа нам пра тое, што быць місіянерам, значыць “нястомна выходзіць да ўсяго чалавецтва, каб запрашаваць яго на сустрэчу з Богам і да адзінства з Ім”.

“Бог, вялікі ў любові і багаты міласэрнасцю, заўсёды выходзіць да кожнага чалавека, каб клікаць яго да шчасця Яго Валадарства, нягледзячы на раўнадушша і адмовы”, - напісаў Папа, нагадваючы, што Езус Хрыстус шукаў згубленых авечак і хацеў дасягнуць нават самых далёкіх з іх, скіроўваючы таксама і сваіх вучняў аж да краю зямлю.

Францішак падзякаваў місіянерам за іх служэнне і заклікаў працягваць маліцца аб новых і шматлікіх місійных пакліканнях. “І давайце не будзем забываць, што кожны хрысціянін пакліканы браць удзел у гэтай усеагульнай місіі праз уласнае евангельскае сведчанне ў кожным асяроддзі, каб увесь Касцёл няспынна выходзіў са сваім Панам і Настаўнікам на “скрыжаванні дарог” сучаснага свету”, - адзначыў Пантыфік, падкрэсліваючы: “Драма Касцёла сёння заключаецца ў тым, што Езус працягвае стукаць у дзверы, але знутры, каб мы дазволілі Яму выйсці” да людзей.

Святы Айцец заклікаў місіянераў наследаваць стыль Пана, які пасылае абвяшчаць Евангелле кожнаму стварэнню: рабіць гэта без прымусу і празелітызму, але з радасцю, велікадушнасцю, добразычлівасцю, блізкасцю, спагадай і пяшчотай.

Папа заўважыў, што вяселле з евангельскага ўрыўка нагадвае пра эсхаталагічную і эўхарыстычную перспектыву місійнай дзейнасці Касцёла, якая павінна суправаджацца ўсведамленнем блізкасці прыйсця Пана, як гэта было ў першых хрысціян.

“У той час як свет прапануе розныя “вяселлі” спажывецтва, эгаістычнага дабрабыту, назапашвання, індывідуалізму, Евангелле кліча ўсіх на боскае вяселлее, дзе пануюць радасць, дзяленне, справядлівасць, братэрства, у адзінстве з Богам і бліжнімі”. Францішак адзначыў, што “запрашэнне на эсхаталагічнае вяселле, якое нясем усім у евангелізацыйнай місіі, блізка звязана з запрашэннем на эўхарыстычную вячэру, дзе Пан насычае нас сваім словам і сваімі Целам і Крывёй”. У святле Года малітвы ў рамках падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года Папа заклікаў умацаваць удзел у святой Імшы і малітву за евангелізацыйную дзейнасць Касцёла.

Францішак нагадаў, што кароль з евангельскай прыпавесці загадаў запрасіць на вяселле ўсіх без выключэння. “Таксама і сёння ў свеце, разарваным падзеламі і канфліктамі, Евангелле Хрыста – гэта лагодны і моцны голас, які кліча людзей сустрэцца, прызнаць адзін аднаго братамі і радавацца гармоніі паміж адметнасцямі. Бог хоча, “каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды” (1 Цім 2,4). Таму давайце не будзем забываць ніколі ў нашай місійнай дзейнасці, што мы пакліканы абвяшчаць Евангелле ўсім, “не не як тыя, хто навязвае новы абавязак, але як тыя, хто хоча падзяліцца радасцю, хто паказвае прыгожы далягляд, прапануе жаданую гасціну” (Evangelii gaudium, 14)”, напісаў ён.

Папа дадаў, што кожны чалавек з’яўляецца “адрасатам запрашэння Бога ўдзельнічаць у Яго ласцы, якая перамяняе і збаўляе” і “трэба толькі сказаць “так” гэтаму бескарысліваму боскаму дару, прымаючы яго і дазваляючы стаць перамененымі ім”.
 

02 лютага 2024, 10:20