Пошук

Пантыфік: агульнае дабро і мір у грамадстве – не імправізацыя

Ёсць патрэба ў людзях, якія, сутыкаючыся са злом, не стаяць і глядзяць, але бяруць на сябе адказнасць умяшацца, каб абараніць ахвяр і вярнуць парушальнікаў да парадку, заўсёды маючы ў сэрцы дабро ўсіх, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 лютага 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інспекцыі па ахове грамадскага парадку Ватыкан – яны дапамагаюць Ватыканскай жандармерыі ахоўваць плошчу святога Пятра і яе ваколіцы, а таксама суправаджаюць Пантыфіка ў яго падарожжах па тэрыторыі Італіі.

Францішак падзякаваў італьянскім паліцэйскім за верную і цярплівую працу, якую яны здзяйсняюць, днём і ноччу гарантуючы бяспеку пілігрымаў і турыстаў, якія прыбываюць у Ватыкан, а таксама аховаўваючы парадак падчас яго падарожжаў і пастырскіх візітаў.

Пантыфік адзначыў, што праца праваахоўнікаў патрабуе адвагі, тактоўнасці, моцных нерваў, увагі і разумення патрэб і крытычных праблем людзей, якія звяртаюцца да іх па дапамогу, а таксама тых, хто робіць умяшанне паліцэйскіх неабходным у сувязі з рознымі праблемнымі паводзінамі.

“Святы Ян ХХІІІ казаў, што заданне сіл правапарадку – гэта цяжкае заданне, якое патрабуе высокіх маральных якасцей, а ў першую чаргу адданасці і самаахвярнасці для дасягнення агульнага дабра. Таму ён называў вас “добрымі служыцелямі чалавечай супольнасці і рамеснікамі міру ў грамадстве”, - нагадаў Папа.

“Агульнае дабро і мір у грамадстве не з’яўляюцца імправізацыяй і не заўсёды расквітаюць спантанна. Святло і цені нашай чалавечай прыроды, абмежаванай і параненай грахом, абумоўліваюць патрэбу ў людзях, якія, сутыкаючыся са злом, не стаяць і глядзяць, але бяруць на сябе адказнасць умяшацца, каб абараніць ахвяр і вярнуць парушальнікаў да парадку, заўсёды маючы ў сэрцы дабро ўсіх”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што людзі маюць давер да асоб у паліцэйскай форме і звяртаюцца да іх пры розных патрэбах.
 

10 лютага 2024, 11:04