Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік на Вялікі пост: праз пустыню Бог вядзе нас да свабоды

У прысутнасці Бога мы становімся сёстрамі і братамі, мы адчуваем іншых з новай моцай: замест пагроз і ворагаў мы знаходзім спадарожнікаў. Гэта Божая мара, Абяцаная зямля, да якой мы накіроўваемся, выходзячы з рабства, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

1 лютага 2024 года ў Ватыкане было абнародавана і прадстаўлена пасланне Святога Айца на Вялікі пост. Дакумент носіць назву: Праз пустыню Бог вядзе нас да свабоды. На яго пачатку Папа спаслаўся на першыя словы Дэкалогу, якімі Бог нагадаў ізраільцянам, што вывеў іх “з зямлі егіпецкай, зямлі няволі”. “Народ добра ведаў, пра якое выйсце казаў Бог, бо досвед няволі ўсё яшчэ быў адпячатаны на яго целе”, - зазначыў Пантыфік.

“Падобна таму, як Ізраэль у пустыні ўсё яшчэ мае ў сабе Егіпет – часта па-сапраўднаму сумуючы пра мінулае і наракаючы на Неба і Майсея – так і сёння народ Божы нясе ў сабе гнятлівыя путы, якія ён павінен пакінуць”, - адзначыў Папа, заклікаючы выкарыстаць Вялікі пост як час ласкі, што вядзе да свабоды.

Першым крокам на гэтым шляху “з’яўляецца жаданне бачыць рэчаіснасць”. Францішак нагадаў, што, як Бог пачуў стогн свайго народа ў Егіпце, таксама і мы пакліканы звярнуць ўвагу на вялікую колькасць “прыгнечаных братоў і сясцёр”, плач якіх сёння ўзносіцца да неба.

“Давайце запытаемся: ці даходзіць ён і да нас? Ці скаланае нас? Ці ўзрушвае нас?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік, заўважаючы, што гэтыя пытанні могуць дапамагчы  зразумець, што мы “ўсё яшчэ знаходзімся пад уладай фараона”. “Гэта ўлада, якая робіць нас знясіленымі і неадчувальнымі”, якая “раз’ядноўвае нас і крадзе ў нас будучыню”, “ёю забруджаны зямля, паветра і вада, але таксама і душы”. “Таму што, хоць нашае вызваленне пачалося з хросту, у нас застаецца невытлумачальная туга па рабстве”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што вызваленне з Егіпту пачалося па ініцыятыве Бога, а Ізраэль нават не прасіў пра гэта, будучы зламаным сваёй няволяй. “Фараон гасіць нават мары, крадзе неба і робіць так, што свет, у якім патаптана годнасць і адмоўлена ў сапраўдных повязях, здаецца немагчымым змяніць. Яму ўдаецца прывязаць да сябе. Давайце спытаемся: ці хачу я новага свету? Ці гатовы я адмовіцца ад кампрамісаў са старым?”, - заклікаў паразважаць Францішак, спасылаючыся на сведчанні многіх біскупаў з розных частак свету, якія пераконваюць у патрэбе змагання з “дэфіцытам надзеі”, што “нагадвае тую тугу па няволі, якая паралізуе Ізраэль у пустыні, перашкаджае яму рухацца наперад”.

Францішак заклікаў прыняць Вялікі пост як духоўна моцны перыяд, як “час навяртання, час свабоды”, на якім нас суправаджае Езус. “Пустыня – гэта прастора, дзе наша свабода можа саспець у асабістым рашэнні не трапіць зноў у рабства”, - адзначыў ён, падкрэсліваючы, што гэты шлях “азначае барацьбу” з падманлівымі спакусамі д’ябла і ідаламі, якімі могуць быць прывязанасць “да грошай, пэўных праектаў, ідэй, мэт, да свайго становішча, традыцый і нават да пэўных людзей”.

“Замест таго, каб падштурхоўваць нас наперад, яны паралізуюць нас. Замест таго, каб прымусіць нас аб’яднацца, яны будуць супрацьпастаўляць нас адзін аднаму”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы вернікаў стаць “новым чалавецтвам”, якое не паддаецца “абаянню хлусні”, стаць евангельскімі “ўбогімі духам”, якія “з’яўляюцца маўклівай сілай дабра, што аздараўляе і падтрымлівае свет”.

Святы Айцец адзначыў, што Вялікі пост, гэта час, калі вернікі пакліканы “спыніцца ў малітве, каб прыняць Божае слова, і спыніцца, як Самаранін, у прысутнасці параненага брата”, бо “любоў да Бога і бліжняга – гэта тая самая любоў”, а “не мець іншых багоў – значыць заставацца ў прысутнасці Бога, каля цела бліжняга”. “Такім чынам, малітва, міласціна і пост – гэта не тры самастойныя задачы, але адзін рух адкрытасці, самаачышчэння: ад ідалаў, якія нас абцяжарваюць, ад прыхільнасцей, якія нас звязваюць”, - напісаў Пантыфік, нагадваючы вернікам, што “кантэмпляцыйнае вымярэнне жыцця, якое Вялікі пост дазваляе нам нанова адкрыць, мабілізуе новыя сілы”.

“У прысутнасці Бога мы становімся сёстрамі і братамі, мы адчуваем іншых з новай моцай: замест пагроз і ворагаў мы знаходзім спадарожнікаў. Гэта Божая мара, абяцаная зямля, да якой мы накіроўваемся, калі выходзім з рабства”, - дадаў Папа.

У кантэксце адкрыцця сінадальнай формы Касцёла Францішак таксама заахвоціў зрабіць Вялікі пост перыядам супольных рашэнняў, “малых і вялікіх выбараў, насуперак пануючай тэндэнцыі, здольных змяніць штодзённае жыццё паасобных людзей і жыццё кварталаў: спажывецкія звычкі, клопат пра стварэнне, уключэнне тых, каго не заўважаюць або кім пагарджаюць”. “Насколькі гэты Вялікі пост будзе перыядам навяртання, настолькі згубленае чалавецтва адчуе штуршок крэатыўнасці: успышку новай надзеі”, - напісаў Папа, заклікаючы з адвагай і надзеяй глядзець у будучыню.
 

01 лютага 2024, 12:06