Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак: гісторыя хрысціянскіх мучанікаў не перарывалася

“Вар’яцкія ідэалогіі працягваюць распальваць нянавісць і забіваць многіх людзей, толькі таму, што яны не перасталі быць вучнямі Езуса”, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак напісаў прадмову да кнігі аргенцінскага гісторыка і пісьменніка Марка Гала У воку буры – Аргенцінскія мучанікі 1970-х гадоў (Nell'occhio del ciclone - Martiri dell'Argentina degli anni Settanta). Прэзентацыя выдання пройдзе ўвечары 2 лютага 2024 года ў Ватыкане.

Папа заўважыў, што старажытная гісторыя хрысціянскіх мучанікаў не перарывалася. “Вар’яцкія ідэалогіі працягваюць распальваць нянавісць і забіваць многіх людзей, толькі таму, што яны не перасталі быць вучнямі Езуса”, - адзначыў ён.

Святы Айцец згадаў пра свой візіт у рымскую базіліку святога Барталамея, 22 красавіка 2017 года – месца памяці пра сучасных хрысціянскіх мучанікаў, падкрэсліваючы, што малітва побач з рэліквіямі “святых сведкаў”, напаўняе сілай.

Пантыфік нагадаў папярэджанне Езуса Хрыста: “Не бойцеся! Свет вас узненавідзіць; але ведайце, што Мяне раней за вас зненавідзеў”. Ён падкрэсліў, што мучанік, гэта не толькі герой, але таксама чалавек, адораны ласкай, бо менавіта “Божая ласка, а не адвага, робіць нас мучанікамі”.

“Сёння Касцёл мае вялікую патрэбу ў сведках, у святых штодзённасці, звычайнага жыцця, а таксама ў тых, хто мае адвагу прыняць ласку быцця сведкамі да канца, аж да смерці”, - напісаў Папа, дадаючы: “Бываюць часы і месцы, калі князь гэтага свету выкарыстоўвае паклёп, ахоплівае душы і распальвае галовы, і тады хрысціяне становяцца мішэнню і трапляюць у “вока буры”, бо сведчаць пра Езуса і Яго любоў”.

Папа адзначыў, што кніга пра аргенцінскіх мучанікаў з’яўляецца плёнам шматгадовых даследаванняў. Яна карысная, бо “паказвае сілу зла” і “плёны мучаніцтва”, а гэта “сапраўдная параза катаў і забойцаў, якія думалі, што перамагалі”.

Святы Айцец заўважыў, што ў аснову даследавання быў пакладзены спіс мужчыны, жанчын, святароў, біскупаў, якія былі забіты або зніклі ў Аргенціне ў “жудасныя гады”, дапоўнены данымі Нацыянальнай камісіі па справе знікнення людзей. Пантыфік адзначыў, што яшчэ будучы кардыналам, падтрымаў правядзенне збору гэтай інфармацыі.

“Гэта быў вялікі спіс ахвяр, і мы яшчэ ведаем не ўсё. Аднак няма сумневу, што сярод іх ёсць прынамсі некаторыя сапраўдныя мучанікі, бо нянавісць да веры была непасрэднай і галоўнай прычынай іх мучаніцтва. У тыя гады выраз Тэртуліяна: “Кроў мучанікаў – насенне хрысціян” стала асабліва актуальнай для Аргенціны і застаецца актуальнай у іншых частках свету, нават сёння”, - дадаў Папа.

Францішак згадаў некалькі прыкладаў мучаніцтва, у прыватнасці гісторыю святароў і семінарыстаў з супольнасці палатынаў у Буэнас-Айрэсе, якіх забілі ў 1976 годзе. “Гэта было паўстанне нянавісці, якая не зносіла таго, што Касцёл прапаноўваў сапраўдную перамену, якая нараджаецца толькі ў сэрцы, што навярнулася да любові да іншых”, - напісаў Папа, дадаючы, што кніга дапамагае захаванню памяці і “адкрывае акно не толькі на Аргенціну, але і на свет сведкаў веры, якія працягваюць праліваць сваю кроў у многіх частках свету”.
 

02 лютага 2024, 12:12