Пошук

Пантыфік дзеячам мастацтва: будзьце песнярамі згоды і гармоніі

Быць песнярамі згоды паміж народамі, культурамі і рэлігіямі, а таксама людзьмі, здольнымі дапамагчы марыць аб іншым, прыгожым свеце, - заклікаў Францішак прадстаўнікоў творчых прафесій.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

15 лютага 2024 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі членаў каталіцкага руху Дыяканія прыгажосці (Diaconie de la beauté) – касцёльнага аб’яднання, заснаванага ў 2012 годзе ў Францыі з мэтай прасоўвання сустрэчы паміж светам мастацтва і верай. 

“Ваша пакліканне – дапамагаць людзям мастацтва будаваць мост паміж небам і зямлёй. Вы хочаце абудзіць у іх пошук праўды, незалежна ад таго, кім яны з’яўляюцца: музыкантамі, паэтамі ці спевакамі, мастакамі, архітэктарамі ці рэжысёрамі, скульптарамі, акцёрамі ці танцорамі або прадстаўнікамі іншых прафесій, таму што прыгажосць запрашае нас да іншага спосабу быцця ў свеце. Гаворка ідзе пра сузіранне. У сапраўднай прыгажосці мы адчуваем тугу па Богу. Вера ў Бога-Творцу натхняе стварэнне выходзіць па-за сябе, скіроўваць сябе да боскага жыцця праз мастацкае натхненне”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што Дыяканія прыгажосці дапамагае дзеячам культуры розных веравызнанняў і поглядаў завязаць плённы дыялог з Касцёлам праз арганізацыю сустрэч, выстаў, канцэртаў і спектакляў. Ён нагадаў таксама, што жыццё людзей культуры нярэдка бывае пазначана самотнасцю, дэпрэсіяй і моцнымі ўнутранымі пакутамі, у сувязі з чым маюць вялікае значэнне рэзідэнцыі, якія стварае для іх Дыяканія прыгажосці.

“Ваша задача – выявіць прыгажосць, якая схавана ў іх, каб яны ў сваю чаргу сталі апосталам гэтай прыгажосці, якая спараджае жыццё, надзею і прагу шчасця. Гэта місія, што спрыяе ўмацаванню годнасці мастака, які больш не адчувае сябе адрынутым, незразуметым, маргіналізаваным і выключаным”, - дадаў Святы Айцец.

Папа нагадаў таксама пра насілле, войны і сацыяльныя крызісы ў свеце, заклікаючы сваіх гасцей быць “песнярамі згоды паміж народамі, культурамі і рэлігіямі”. “Нам патрэбны людзі, здольныя дапамагчы марыць аб іншым, прыгожым свеце. Дапамажыце людзям марыць, каб яны імкнуліся да поўнага жыцця!”, - заклікаў ён.

Францішак адзначыў таксама неабходнасць аднавіць гармонію паміж чалавекам і навакольным асяроддзем. “Вялікі кліматычны крызіс патрабуе ад нас перагляду нашых звычак і паводзін. А мастацтва – вельмі магутны сродак данесці паведамленне аб прыгажосці прыроды. Насамрэч, “клопат аб свеце, у якім мы жывём, азначае клопат пра нас саміх. Але мы павінны стаць “мы”, якія жывуць у агульным доме”. Давайце спытаем сябе: які наш уклад у пабудову гарманічнага свету?”, - прапанаваў задумацца Святы Айцец, падкрэсліваючы, што культура прыгажосці заўсёды прыводзіць у рух: “Сустрэча з прыгажосцю Бога дазваляе нам пачаць усё з пачатку на шляху да больш чалавечных і братэрскіх грамадстваў”.
 

15 лютага 2024, 12:01