Пошук

Папа: не падразаць крылы тым, хто хоча працай палепшыць свет

“Кожны раз, калі мы робім крок, каб наблізіцца да нашага брата, мы становімся рамеснікамі новага чалавецтва”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 лютага 2024 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI прадстаўнікоў італьянскай канфедэрацыі рамесніцкіх аб’яднанняў Confartigianato. Гэта арганізацыя ўзнікла ў 1946 года і паспрыяла эканамічнаму адраджэнню Італіі пасля Другой сусветнай вайны.

Францішак заўважыў, што “ручная праца робіць рамесніка ўдзельнікам творчай справы Бога”. “Благаслаўляйце і дзякуйце Богу за дар вашых рук і за працу, якая дае вам магчымасць выражаць сябе. Мы ведаем, што не ўсе маюць такое шчасце: ёсць тыя, хто сядзіць без справы, а ёсць і тыя, хто не можа знайсці працу. Усе гэтыя чалавечыя сітуацыі патрабуюць аздараўлення”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што часам рамесніцкія прадпрыемствы не могуць знайсці кваліфікаваны персанал. У сувязі з гэтым ён заклікаў не баяцца прапаноўваць працу найбольш уразлівым катэгорыям, сярод якіх згадаў моладзь, мігрантаў, людзей з інваліднасцю. “Кожны чалавек павінен атрымаць прызнанне сваёй годнасці працаўніка. Ніколі не будзем падразаваць крылы марам тых, хто хоча палепшыць свет праз працу і скарыстацца сваімі рукамі для самавыражэння”, - заахвоціў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што рамеснік мае “арыгінальны позірк на рэчаіснасць”, умее “убачыць у матэрыяле шэдэўр яшчэ да яго выканання” і адчувае “лёс прыгажосці, які можа мець матэрыя”, а гэта “набліжае яго да Стварыцеля”. Папа нагадаў, што ў Евангеллі святога Марка Езус названы “цесляром”: ён засвоіў гэтага рамяство ў майстэрні святога Юзафа, навучыўшыся “каштоўнасці рэчаў і працы”.

“Спажывальніцтва распаўсюдзіла кепскі лад мыслення: ментальнасць “аднаразовага выкарыстання”. Але стварэнне – гэта не сукупнасць рэчаў, а дар, “радасная таямніца, якой мы захапляемся, аддаючы пашану Богу”. А вы, рамеснікі, дапамагаеце нам па-іншаму паглядзець на рэчаіснасць, распазнаць каштоўнасць і прыгажосць матэрыялу, які Бог даў у нашы рукі”, - сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што плёны працы рамеснікаў “падарожнічаюць” па свеце і ўпрыгожваюць яго, адказваючы на патрэбы людзей. “Рамесніцтва – гэта шлях, каб працаваць, развіваць фантазію, паляпшаць экалогію, умовы жыцця, стасункі. Таму я таксама хацеў бы бачыць вас рамеснікамі братэрства”, - сказаў ён, адзначаючы каштоўнасць прыкладу будавання адносін праз клопат, паказаны ў евангельскай прыпавесці пра Добрага самараніна.

“Нашы ногі дазваляюць нам сустракацца з многімі людзьмі, якія апынуліся на ўскраіне: дзякуючы працы мы можам дазволіць ім ісці разам з намі. Мы можам стаць спадарожнікамі пасярод культуры абыякавасці. Кожны раз, калі мы робім крок, каб наблізіцца да нашага брата, мы становімся рамеснікамі новага чалавецтва”, - падкрэсліў Святы Айцец.

На заканчэнне прамовы Папа пажадаў: “Я заахвочваю вас быць рамеснікамі міру ў той час, калі войны пажынаюць ахвяры, а бедныя застаюцца непачутымі. Няхай вашы рукі, вочы і ногі будуць знакамі творчай і шчодрай чалавечнасці. І няхай вашы сэрцы заўсёды будуць захопленыя прыгажосцю”.
 

10 лютага 2024, 12:16