Пошук

Папа Францішак і кардынал Эрнэст Сымані Папа Францішак і кардынал Эрнэст Сымані  (Vatican Media)

Пантыфік адзначыў сведчанне жывога мучаніка дыктатуры камунізму

На агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 14 лютага 2024 года ў Ватыкане, прысутнічаў албанскі кардынал Эрнэст Сымані, сведчанне якога асаблівым чынам адзначыў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Мы ўсе чыталі і чулі гісторыі першых мучанікаў Касцёла. Іх было шмат”, - сказаў Папа, нагадваючы, што таксама на тэрыторыі Ватыкана пахаваны шматлікія мучанікі, старажытныя магілы якіх дагэтуль знаходзяць падчас раскопак. “Але і сёння ёсць шмат мучанікаў ва ўсім свеце, шмат. Магчыма, больш, чым у першыя дні Касцёла. Ёсць вельмі шмат пераследаваных за веру”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Сёння я дазволю сабе асаблівым чынам прывітаць жывога мучаніка – кардынала Эрнэста Сымані. Будучы святаром і біскупам, ён правёў 28 гадоў у камуністычнай турме ў Албаніі, дзе, напэўна, адбываўся самы жорсткі пераслед”, - сказаў Папа, заўважаючы, што кардыналу Сымані ўжо 95 гадоў, але, нягледзячы на ўзрост, ён працягвае служыць Касцёлу. “Дарагі брат, дзякую за гэтае сведчанне”, - сказаў Францішак.

Эрнэст Сымані патаемна прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1956 годзе. У 1963 годзе яго арыштавалі камуністычныя ўлады Албаніі і асудзілі да смяротнага пакарання, якое пазней было заменена 25 гадамі зняволення. Праз дзесяць гадоў утрымання ў турме, яго паўторна асудзілі на смерць, але вырак не быў выкананы. У 1981 годзе Сымані выйшаў на волю і быў скіраваны на прымусовая працы. Да 1991 года ён працягваў займацца душпастырствам патаемна. У 2016 годзе Францішак уключыў святара ў Калегію кардыналаў.
 

14 лютага 2024, 11:30