Пошук

Генеральны рэвізор Алесандра Рыгіні Генеральны рэвізор Алесандра Рыгіні 

У Ватыкане ўводзіцца новая працэдура паведамлення аб карупцыі

Паведаміць пра падазроныя сітуацыі, звязаныя з выкарыстаннем фінансавых ці матэрыяльных рэсурсаў у Ватыкане, можна даслаўшы ліст на адмысловы электронны адрас.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 студзеня 2024 года ў Ватыкане былі абнародаваны правілы адносна інфармавання аб падазроных сітуацыях, звязаных з выкарыстаннем фінансавых ці матэрыяльных рэсурсаў, удзелам у тэндарах, ажыццяўленнем грашовых аперацый, карупцыйнымі ці махлярскімі дзеяннямі.

Працэдура прадугледжвае, што заявы аб такіх сітуацыях можна дасылаць у пісьмовай форме на спецыяльны адрас электроннай пошты: segnalazionianomalie@urg.va або канфідэнцыяльным лістом на імя Генеральнага рэвізора. Прадугледжана таксама магчымасць інфармавання аб падазроных дзеяннях карупцыйнага характару падчас асабістай сустрэчы з Генеральным рэвізорам ці па відэасувязі.

Генеральны рэвізор гарантуе захаванне канфідэнцыяльнасці паведамлення, а таксама тое, што інфармацыя пра асобу, якая паведамляе пра падазроныя дзеянні, можа быць раскрыта выключна судоваму органу, калі ён палічыць, што гэта неабходна ў рамках расследавання ці судовага разгляду.

Паведамленні могуць тычыцца таксама неправамерных паводзін, якія ўяўляюць сабой пагрозу або наносяць шкоду агульнаму дабру. У той жа час, такія заявы не павінны ўтрымліваць скарг асабістага характару, або прэтэнзій, звязаных з працоўнымі адносінамі, адносін з кіраўніцтвам і калегамі, для якіх існуюць асобныя працэдуры. Упраўленне Генеральнага рэвізора заўважае, што ананімныя паведамленні разглядацца не будуць.
 

24 студзеня 2024, 13:45