Пошук

Святы Айцец: сквапнасць – хвароба сэрца

Мы можам быць гаспадарамі даброт, якімі валодаем, але часта здараецца наадварот: у канчатковым выніку яны авалодваюць намі, - адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 24 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак прысвяціў катэхезу загане сквапнасці, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра “форму прывязанасці да грошай, якая перашкаджае чалавеку быць шчодрым”. Ён заўважыў, што гэты грэх тычыцца не толькі багатых людзей, але і бедных, і “не мае нічога супольнага з банкаўскім рахункам” чалавека. “Гэта хвароба сэрца, а не кашалькоў”, - дадаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што паводле старажытных айцоў-пустэльнікаў, сквапнасць авалодвала таксама людзьмі, якія адмовіліся ад вялікіх багаццяў і сталі манахамі, але ў самотнасці сваіх келляў моцна прывязваліся нават да нязначных рэчаў: не пазычалі іх, не дзяліліся імі, не былі гатовыя падарыць іх.

“Гэтыя рэчы станавіліся для іх пэўнага роду фетышамі, ад якіх яны не маглі адарвацца”, як дзеці, што моцна трымаюць цацку і няспынна паўтараюць, што яна належыць ім. Гаворка ідзе пра “хворыя адносіны з рэчаіснасцю”, якія могуць перарасці ў формы “паталагічнага назапашавання”, - папярэдзіў Францішак.

“Каб аздаравіцца ад гэтай хваробы манахі прапаноўвалі крайні, але вельмі эфектыўны метад: разважанне над смерцю. Колькі б чалавек не назапасіў даброт у гэтым свеце, мы можам быць абсалютна ўпэўненыя, што яны не ўвойдуць ў труну”, - адзначыў Пантыфік, дадаючы, што так адкрываецца не толькі вар’яцтва, але і бессэнсоўнасць заганы сквапнасці.

Святы Айцец нагадаў словы Езуса з Нагорнага казання: “Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць” (Мц 6, 19-20).

“Мы можам быць гаспадарамі даброт, якімі валодаем, але часта здараецца наадварот: у канчатковым выніку яны авалодаюць намі. Некаторыя багатыя людзі больш не з’яўляюцца свабоднымі, больш не маюць часу на адпачынак, вымушаны азірацца, бо назапашаванне даброт вымагае таксама клопату пра іх”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы, што багатыя людзі часта бываюць неспакойнымі, бо спадчына, якую яны збіралі з вялікімі намаганнямі, можа знікнуць у адно імгненне.

“Яны забываюцца пра евангельскае вучэнне, якое сцвярджае, што валоданне багаццямі само па сабе не з’яўляецца грахом, але, безумоўна, з’яўляецца адказнасцю. Бог не бедны: Ён – Пан усяго, аднак, як піша святы Павел: “Ён, хоць быў багаты, стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам”. Гэта тое, чаго не разумее сквапны. Ён мог бы стаць благаслаўленнем для ўсіх, а замест гэта трапіў у тупіковы завулак няшчасця”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў быць шчодрымі, асабліва з людзьмі, якія знаходзяцца ў нястачы.
 

24 студзеня 2024, 09:53

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >