Пошук

Кардынал Серджыа Себасцьяні Кардынал Серджыа Себасцьяні 

Святы Айцец моліцца за памерлага кардынала Себасцьяні

Папа запэўніў у малітве за кардынала Серджыа Себасцьяні, былога старшыню Прэфектуры па эканамічных справах Апостальскай Сталіцы, які 16 студзеня 2024 года памёр у Рыме пасля доўгай хваробы. Іерарху было 92 гады.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец выказаў спачуванні сваякам спачылага італьянскага кардынала, а таксама духавенству і вернікам дыяцэзіі Ферма, да якой належаў гэты руплівы святар.

Пантыфік дзякуе Богу “за сведчанне памерлага пурпурата, які з шчодрасцю прысвяціў сваё жыццё служэнню Евангеллю і Апостальскай Сталіцы”. Ён згадаў пра служэнне іерарха ў ватыканскай дыпламатыі, на пасадзе старшыні Прэфектуры па эканамічных справах Апостальскай Сталіцы, а таксама Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Вялікага Юбілею 2000 года. Папа запэўніў у малітве за душу гэтага добрага і разважлівага пастыра, удзяляючы благаслаўленне яго блізкім і родным.

Серджыа Себасцьяні нарадзіўся ў 1931 годзе ў мястэчку Монтэмонака ў італьянскай вобласці Марке. Атрымаў ступень ліцэнцыяту па тэалогіі Папскім грыгарыянскім універсітэце і ступень доктара кананічнага права ў Папскім латэранскім універсітэце. У 1956 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Працаваў у нунцыятурах у Перу, Бразіліі, Чылі, пасля чаго вярнуўся ў Ватыкан, дзе быў сакратаром двух Дзяржсакратароў, кардыналаў Амлета Чыканьяні і Жана Віё. З 1967 па 1974 год быў сакратаром субстытута Дзяржаўнага сакратара. Затым нёс служэнне дарадчыка ў нунцыятуры ў Францыі, адказваў за кантакты з Саветам Еўропы.

З 1976 года – арцыбіскуп. Быў пранунцыем на Мадагаскары і Маўрыкіі, апостальскім дэлегатам на Каморскіх астравах, нунцыем у Турцыі. У 1994 годзе стаў Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Вялікага Юбілею 2000 года. У 1997 года быў прызначаны на пасаду старшыні Прэфектуры па эканамічных справах Апостальскай Сталіцы, на якой служыў да адстаўкі ў 2008 годзе. Кардынальскую годнасць атрымаў у 2001 годзе.

Пасля смерці кардынала Сэрджыа Себасцьяні Калегія кардыналаў складаецца з 239 іерархаў, з якіх 132 маюць права голасу на канклаве.
 

16 студзеня 2024, 15:06