Пошук

Пантыфік: важна дзяліцца досведам веры паміж рознымі традыцыямі

Пра важнасць дзялення досведам асабістай сустрэчы з Хрыстом, жыцця верай і праслаўлення Бога, нагадаў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі экуменічнай ініцыятывы Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

12 студзеня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане студэнтаў усходніх хрысціянскіх традыцый, якія праходзяць фармацыю ў каталіцкіх навучальных установах, дзякуючы стыпендыям, вылучаным Каталіцкім камітэтам па культурным супрацоўніцтве з Праваслаўнымі і Старажытнымі Усходнімі Цэрквамі. Нагодай для сустрэчы стала 60-годдзе з дня заснавання гэтай структуры.

Францішак адзначыў, што ініцыятыва дае магчымасць студэнтам усходніх хрысціянскіх традыцый асабіста пазнаёміцца з фармацыйным, духоўным і літургічным шляхам студэнтаў-католікаў, у першую чаргу праз дзяленне з імі супольнага жыцця ў касцёльных калегіумах.

На думку Папы, “гэты жывы і непасрэдны кантакт з канкрэтнымі супольнасцямі, у якіх выражаецца тое аднолькавае жаданне ісці за адзіным Настаўнікам, Панам Езусам Хрыстом, і служыць Яго Касцёлу”, дапамагае не толькі студэнтам Праваслаўных і Усходніх Цэркваў, “але таксама католікам пераадолець прадузятасць, разбурыць бар’еры і будаваць масты дыялогу і сяброўства”.

Святы Айцец нагадаў, што апосталы, якія далі пачатак розным хрысціянскім традыцыям, былі адметнымі паміж сабой, але знайшлі кропку сутыкнення ў Езусе Хрысце: ідучы за Ім, яны ішлі разам паміж сабой. “А ўмацаваў гэту еднасць у любові Святы Дух, які пасылаў іх паўсюль, яшчэ больш злучаючы паміж імі”, - дадаў Францішак.

“Дарагія, таксама і вам належыць гэты шлях: ісці разам за Езусам, будучы натхнёнымі адным Духам. Вялікай магчымасцю з’яўляецца тое, што падчас вучобы ў Рыме, вы можаце дзяліцца тым, кім з’яўляецца для вас Езус, дзе вы сустрэлі Яго, як Ён заваяваў ваша сэрца, як змяніў ваша жыццё, згодна з якімі традыцыямі вы праслаўляеце Яго і прызнаеце вашым Пана”, - сказаў Папа.

Пантыфік лічыць, што калі ў аснове будзе знаходзіцца братэрскае дзяленне гэтым досведам, тады “нашы мінулыя гісторыі, заплямленыя памылкамі і непаразуменнямі, грахамі і стэрэатыпамі, могуць быць паступова аздароўлены, бо яны ўключаны ў значна большую гісторыю – гісторыю вернасці Хрыста, які “палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго” (Эф 5,25). Вось маё пажаданне: каб на праслаўленне і хвалу Пана, гэтыя гады сталі, дзякуючы гасціннасці і братэрскай павазе, слуханню і дзяленню, прароцтвам любові і зернямі адзінства, дзеля дабра ўсіх хрысціян у свеце і самаго свету, якому неабходна бачыць, як прарастаюць новыя зерні міра і адзінства”, - сказаў Папа
 

12 студзеня 2024, 10:58