Пошук

Папа нагадаў моладзі пра важнасць малітвы, сведчання і любові

Памятаць пра дату свайго хросту і жыць верай у якасці галоўных герояў, а не гледачоў, - заклікаў Папа маладых вернікаў з італьянскай архідыяцэзіі Бары-Бітонда.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

27 студзеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 7200 юнакоў і дзяўчат, якія сёлета прымуць сакрамэнт канфірмацыі. У першую чаргу ён заклікаў сваіх гасцей даведацца пра дату ўласнага хросту і штогадова святкаваць яе, бо гэта “другі дзень нараджэння”.

“Дата нашага хросту па-сапраўднаму вельмі важная! Менавіта ў гэты дзень мы нарадзіліся да хрысціянскага жыцця, да жыцця ў Езусе, якое працягваецца заўсёды, з’яўляецца вечным”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што праз хрост вернікі ўваходзяць у вялікую сям’ю Касцёла, прымаюць дар Святога Духа і атрымліваюць у спадчыну Неба.

Папа заўважыў, што з атрыманнем канфірмацыі ўсё гэта ўмацоўваецца: “у першую чаргу Святым Духам, які абнаўляе нас сваімі дарамі, затым – Касцёлам, які давярае нам заданне абвяшчаць Езуса і Яго Евангелле; і нарэшце намі самімі, якія прымаем гэту місію як асабістае заданне, у якасці галоўных герояў, а не гледачоў”.

Пантыфік заклікаў моладзь наследаваць прыклад святога Карла Акуціса, які зрабіў вельмі шмат цудоўных спраў за сваё нядоўгае жыццё, у першую чаргу, паставіўшы інтэрнэт на службу Евангеллю, каб распаўсюджваць любоў да малітвы, сведчанне веры і міласэрнасць да іншых. Напрыканцы звароту Папа заахвоціў юнакоў і дзяўчат сведчыць пра прыгажосць жыцця з Богам і заўсёды памятаць пра Яго любоў.
 

27 студзеня 2024, 12:18