Пошук

Аўдыенцыя для кіраўніцтва Ордэна Меншых Братоў Аўдыенцыя для кіраўніцтва Ордэна Меншых Братоў 

Пантыфік: францішкане пакліканы быць апосталамі прымірэння

Быць будаўнікамі мастоў у свеце, падзеленым войнамі і канфліктамі, і даваць сведчанне прабачэння і дабра – такое заданне Святы Айцец даручыў усім францішканам свету.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

4 студзеня 2024 года было апублікавана інтэрв’ю Папы штомесячніку San Francesco Patrono d’Italia (Святы Францішак – Апякун Італіі), які выдаецца законнікамі з асізскага кляштару Ордэна Меншых Братоў. Яно было запісана падчас прыватнай аўдыенцыі для кіраўніцтва гэтай манаскай супольнасці, якая прайшла ў апошнія дні мінулага года.

“Ад заканчэння Другой сусветнай вайны і да сённяшняга дня ў розных частках свету не спыняюцца войны: мы гэта бачым у Палесціне і Украіне, блізкіх да нас. Ёсць шмат жорсткасці, шмат людзей знаходзіцца ў турмах па палітычных прычынах. Таму я прашу аб мастах міру. Гэта ласка, аб якой мы павінны прасіць святога Францішка. Вы – францішкане павінны дапамагчы ў будаванні гэтых мастоў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што Францішак Асізскі – гэта святы пакоры, дабра і цярплівасці, які яднае ўсіх. Таму яго духоўныя паслядоўнікі таксама пакліканы спаўняць гэту місію – даваць сведчанне прабачэння і дабра. “Францішканін павінен быць вельмі адкрытым у сакрамэнце прымірэння, прабачаць усё. Пан не стамляецца прабачаць. Я чакаю ад францішканаў, што яны будуць апосталамі паяднання і прабачэння”, - сказаў Пантыфік.
 

04 студзеня 2024, 14:43