Пошук

Падчас мітынгу ў памяць аб ахвярах выбухаў у Кермане перад пасольствам Ірана ў Парыжы Падчас мітынгу ў памяць аб ахвярах выбухаў у Кермане перад пасольствам Ірана ў Парыжы  (AFP or licensors)

Пантыфік спачувае іранцам пасля выбухаў у Кермане

Францішак выказаў свае спачуванні пасля навіны пра сотні загінулых і параненых у выніку выбухаў, якія прагрымелі ў іранскім горадзе Керман. Мясцовыя ўлады гавораць аб тэракце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Яго Святасць Папа Францішак быў глыбока засмучаны, даведаўшыся аб гібелі людзей, выкліканай нядаўнімі выбухамі ў Кермане, і запэўніў у сваіх малітвах за тых, хто загінуў, і за іх смуткуючыя сем'і. Выказваючы таксама сваю духоўную салідарнасць з пацярпелымі, Яго Святасць выпрошвае для іранскага народа благаслаўлення мудрасці і міру ад Усявышняга”, - гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна.

Два выбухі забралі жыцці дзясяткаў людзей у іранскім Кермане, дзе праходзіла памінальная цырымонія ў чацвёртую гадавіну з дня смерці генерала Касема Сулеймані.

Па апошніх паведамленнях афіцыйных асоб Ірана, колькасць смяротных ахвяр склала 103, больш за 140 атрымалі раненні. Дадзеныя могуць мяняцца.
 

05 студзеня 2024, 11:38