Пошук

Пантыфік: наш суровы свет патрабуе мацярынскай пяшчоты

Сучасны свет мае патрэбу ў мацярынскай пяшчоце, спагадлівым позірку і людзях, якія дапамогуць знайсці сэнс цяжкасцей, каб захоўваць надзею і мець давер да будучыні, - перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

11 студзеня 2024 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельніц жаночай сеткі марыйнай малітвы Sentinelles de la Sainte Famille – Вартаўніцы Святой Сям’і, заснаванай дзесяць гадоў таму ў Бельгіі. Яны прыбылі ў Ватыкан разам з прынцэсай Сібілай Люксембуржскай.

Францішак ацаніў прастату і сціпласць руху, удзельніцы якога абавязаліся кожны дзень маліцца адну таямніцу Ружанца ў інтэнцыях Касцёла і свету. “Гэта няшмат у вачах людзей, але многа ў вачах Бога, калі робіцца з пастаянствам у часе, з верай, запалам і ў духу адзінства паміж вамі. Богу падабаецца малое, і Ён робіць так, каб гэта прыносіла плёны”, - запэўніў Пантыфік.

Склад руху паказвае асаблівае і незаменнае пакліканне жанчын у Касцёле. “Вы не толькі моліцеся да Багародзіцы, просячы Яе аб заступніцтве, але маеце намер таксама прыпадабняцца да Яе, да Яе мацярынства, далучацца да Яе матчынай малітвы заступніцтва за ўсіх дзяцей Касцёла і свету. Такім чынам, незалежна ад вашага жыццёвага стану, разам з Марыяй вы ўсе з’яўляецеся маці”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў удзельніц руху імкнуцца глядзець на іншых людзей і на свет позіркам Марыі – па-мацярынску, з цярплівасцю, разуменнем і спагадай: прычым не толькі падчас малітвы, але таксама ў штодзённым жыцці, у сям’і, парафіі і працоўным асяроддзі.

Францішак заахвоціў жанчын памятаць пра “інтэнцыі свету, прасякнутага шматлікімі канфліктамі, насіллем і раўнадушшам”, і пра “многіх людзей, якія пакутуюць, пра пакінутых, адрынутых ці тых, якія перажываюць вялікія цяжкасці”. Ён нагадаў, што Панна Марыя не апускала рукі перад абліччам праблем, але захоўвала іх у сэрцы і разважала над іх значэннем. “Так робяць маці: яны здольныя пераадольваць перашкоды і канфлікты, здольныя напаўняць супакоем. Такім чынам яны ўмеюць пераўтвараць складанасці ў магчымасць для адраджэння і нагоду для росту. Жадаю, каб вы маглі дапамагаць людзям адкрываць сэнс таго, што яны перажываюць, і заўсёды захоўваць надзею і давер да будучыні”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што “наш свет, а таксама нашы браты і сёстры, як ніколі патрабуюць пяшчоты”. Ён з горыччу падкрэсліў, што сёння слова “пяшчота”, “здаецца, нехта хацеў бы выкінуць з слоўніка”. “Якім суровым бывае сучасны свет, непрымірымым, глухім і абыякавым да пакут і патрэб іншых. Марыя стала пяшчотай для Езуса і з’яўляецца ёй для Касцёла і свету. Гэта, безумоўна, таксама пакліканне кожнай “вартаўніцы”: пэўным чынам уцелаўляць пяшчоту Марыі да Касцёла і свету”, - падкрэсліў на заканчэнне свайго звароту Святы Айцец.
 

11 студзеня 2024, 10:19