Пошук

Францішак дыпламатам: шлях да міру патрабуе павагі да жыцця

Тэма міру была цэнтральнай у звароце Папы да дыпламатаў, акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы, падчас традыцыйнай сустрэчы з нагоды калядных святаў і пачатку новага года, якая адбылася 8 студзеня 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец выказаў заклапочанасць шматлікімі войнамі і канфліктамі ў розных частках свету. У першую чаргу ён звярнуў увагу на сітуацыю ў Ізраілі і Палесціне, згадаўшы пра шакавальны тэрарыстычны напад на ізраільскае насельніцтва, у выніку якога была паранена, закатавана, бязлітасна забіта і ўзята ў заложнікі мноства нявінных людзей.

“Паўтараю маё асуджэнне такіх дзеянняў і ўсякіх форм тэрарызму і экстрэмізму: такім чынам не вырашаюцца пытанні паміж народамі, але, наадварот, яны становяцца больш складанымі, выклікаючы пакуты ўсіх. Насамрэч, гэта справакавала магутны ваенны ізраільскі адказ у Газе, які прывёў да гібелі дзясяткаў тысяч палесцінцаў, пераважна грамадзянскіх, сярод якіх шмат дзяцей, падлеткаў і моладзі, і выклікаў цяжэйшую гуманітарную сітуацыю з невымоўнымі пакутамі”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак заклікаў бакі да спынення агню на ўсіх франтах, у тым ліку ў Ліване, неадкладна вызваліць усіх закладнікаў у Газе, забяспечыць гуманітарнай дапамогай палесцінскае насельніцтва, а шпіталі, школы і месцы культу – неабходнай абаронай. Папа заахвоціў садзейнічаць вырашэнню канфлікта згодна з прынцыпам дзвюх дзяржаў, ізральскай і палесцінскай, а таксама надаць Іерусаліму спецыяльны міжнародна гарантаваны статус.

Пантыфік згадаў пра цяжкую сітуацыю ў Сірыі, заклікаючы міжнародную супольнасць спрыяць канструктыўнаму і сур’ёзнаму дыялогу і “шукаць новыя рашэнні”, каб яе насельніцтва “не пакутавала больш з прычыны міжнародных санкцый”. Святы Айцец згадаў пра палітычную і эканамічную нестабільнасць у Ліване, пра адсутнасць надзеі ў моладзі ў М’янме і цяжкую гуманітарную сітуацыю рахінджа.

“На жаль, пасля амаль двух гадоў шырокамаштабнай вайны Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, вельмі жаданы мір усё яшчэ не здолеў заняць месца ў думках і сэрцах, нягледзячы на шматлікія ахвяры і вялізарныя разбурэнні. Нельга дапусціць, каб канфлікт, які ўсё больш паглыбляецца, працягваўся на шкоду мільёнаў людзей, але трэба пакласці канец трагедыі, якая адбываецца, праз перамовы і з павагай да міжнароднага права”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў Арменію і Азербайджан заключыць мірную дамову і вырашыць сітуацыю людзей, якія апынуліся ў драматычнай гуманітарнай сітуацыі. Ён скіраваў увагу таксама на шматлікія сацыяльна-палітычныя праблемы і канфлікты ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы.

Святы Айцец заўважыў, што сучасныя войны больш не вядуцца на палях бітвы і тычацца не толькі салдат. “У кантэксце, у якім здаецца, што больш не робіцца розніцы паміж ваеннымі і грамадзянскімі аб’ектамі, больш не бывае канфліктаў, якія б нейкім чынам не ўдаралі нявыбарачным чынам па грамадзянскім насельніцтве. Падзеі ва Украіне і Газе – відавочнае пацвярджэнне гэтага. Мы не павінны забываць, што цяжкія парушэнні міжнароднага гуманітарнага права – гэта ваенныя злачынствы, і што не дастатковы выкрываць іх, але неабходна прадухіляць. Таму патрэбны большыя намаганні міжнароднай супольнасці для павагі і выканання гуманітарнага права, якое здаецца адзіным шляхам для абароны правоў чалавека ў сітуацыях ваеннага сутыкнення”, - адзначыў Пантыфік.

“На пачатку гэтага года, як ніколі актуальна гучыць заклік Другога Ватыканскага Сабора, змешчаны ў Gaudium et spes: “У справах вайны існуюць розныя міжнародныя дамовы, падпісаныя многімі народамі з мэтаю зрабіць ваенныя дзеянні і іх наступствы больш гуманнымі (...) Гэтыя дамовы трэба выконваць. Больш за тое, усе, асабліва грамадскія ўлады і эксперты ў гэтых справах, павінны прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб дадзеныя дамовы выконваліся і спрыялі лепшаму і больш эфектыўнаму стрыманню жудаснасці войнаў” (79). Нават, калі гаворка ідзе пра законную самаабарону, неабходна прытрымлівацца прапарцыянальнага выкарыстання сілы, - дадаў Папа.

“Магчыма мы не ўсведамляем, што ахвяры сярод мірнага насельніцтва, гэта не “пабочныя выдаткі”. Гэта мужчыны і жанчыны, з імёнамі і прозвішчамі, якія губляюць жыццё. Гэта дзеці, якія застаюцца сіротамі і пазбаўляюцца будучыні. Гэта людзі, якія пакутуюць ад голаду, смагі і холаду ці застаюцца пакалечанымі з прычыны магутнасці сучасных узбраенняў. Калі мы здолеем паглядзець кожнаму з іх у вочы, назваць іх па імені і згадаць іх асаблівую гісторыю, тады мы будзем глядзець на вайну, як на тое, чым яна з’яўляецца: нічым іншым як бязмежнай трагедыяй і “бессэнсоўнай бойняй”, якая раніць годнасць кожнага чалавека на гэтай зямлі”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў спрыяць раззбраенню, нагадваючы, што зброя стварае ўзаемны недавер і забірае вялікую колькасць рэсурсаў, якія можна накіраваць на стварэнне сапраўднай глабальнай бяспекі і вырашэнне шматлікіх крызісаў – харчовага, экалагічнага, эканамічнага і крызісу ў сферы аховы здароўя, якія пазначылі пачатак стагоддзя. Ён у чарговы раз заахвоціў стварыць Сусветны фонд па ліквідацыі голаду і прасоўваць устойлівае развіццё ўсёй планеты.

Францішак нагадаў пра амаральнасць вытворчасці ядзернай зброі і валодання ёй, а таксама падкрэсліў, што для дасягнення міру не дастаткова пазбавіцца ваенных прылад, але трэба выкараніць прычыны вайны, сярод якіх голад, эксплуатацыя прыродных рэсурсаў і людзей. Ён заўважыў, што да прычын канфліктаў адносяцца таксама прыродныя і экалагічныя катастрофы, нагадаўшы, што мінулы год стаў самым спякотным за апошнія 174 гады метэаралагічных назіранняў.

“Войны, беднасць, злоўжыванні нашым супольным домам і няспынная эксплуатацыя рэсурсаў, якія знаходзяцца ў каранях прыродных катастроф, гэта прычыны, якія падштурхоўваюць тысячы людзей пакідаць сваю зямлю ў пошуку мірнай і бяспечнай будучыні”, - сказаў Папа, звяртаючы ўвагу на лёс мігрантаў у розных кутках планеты і заклікаючы вырашаць праблему міграцыі прымаючы, падтрымліваючы, суправаджаючы і інтэгруючы мігрантаў, а таксама спрыяючы стварэнню ўмоў для таго, каб яны не былі вымушаны пакідалі родную зямлю.

Пантыфік адзначыў, што шлях да міру патрабуе павагі да кожнага чалавечага жыцця. У прыватнасці ён асудзіў практыку сурагатнага мацярынства, якая цяжка раніць годнасць жанчыны і дзіцяці, бо заснавана на выкарыстанні сітуацыі матэрыяльнай патрэбы маці. “Дзіця – гэта заўсёды дар і ніколі аб’ект кантракту. Таму заклікаю міжнародную супольнасць да забароны гэтай практыкі на сусветным узроўні. У кожны момант свайго існавання чалавечае жыццё павінна быць захавана і абаронена, у той час як я з горыччу заўважаю, асабліва на Захадзе, няспыннае пашырэнне культуры смерці, якая, у імя фальшывай літасці, спісвае ва ўтыль дзяцей, пажылых і хворых”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што шлях да міру вымагае павагі да правоў чалавека. У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на праблему ўвядзення “новых правоў, якія не цалкам адпавядаюць першапачаткова вызначаным і не заўсёды прымальныя. Яны далі пачатак “ідэалагічным каланізацыям, сярод якіх цэнтральная роля належыць гендарнай тэорыі, якая з’яўляецца вельмі небяспечнай, бо сцірае адметнасці з патрабаваннем зрабіць усіх роўнымі”. “Такія ідэалагічныя каланізацыі выклікаюць раны і падзелы паміж дзяржавамі, замест таго, каб спрыяць будаванню міру”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Пантыфік звярнуў увагу на аслабленне структур шматбаковай дыпламатыі, створаных пасля Другой сусветнай вайны, каб спрыяць бяспецы і супрацоўніцтву. Ён заклікаў “аднавіць карані, дух і каштоўнасці, якія былі ля вытокаў гэтых структур”, улічваючы таксама, што сусветны кантэкст змяніўся.

Святы Айцец нагадаў, што ў 2024 годзе пройдуць палітычныя выбары ў многіх краінах свету, заклікаючы спрыяць удзелу ў галасаванні маладых людзей. Ён заклікаў да абароны рэлігійнай свабоды і правоў меншасцяў, да выкаранення антысемітызму, а таксама нагадаў пра пераслед хрысціян, заўважаючы, што больш за 360 мільёнаў вызнаўцаў Хрыста пацярпелі за сваю веру і расце колькасць вернікаў, вымушаных уцякаць са сваёй зямлі. Францішак адзначыў важнасць этычнага падыходу да карыстання новымі тэхналогіямі, якое павінна спрыяць сустрэчы і абмену паміж людзьмі і адпавядаць павазе да чалавечай годнасці.

Напрыканцы прамовы Папа нагадаў, што ў 2025 годзе ў Каталіцкім Касцёле будзе праходзіць Юбілейны год, які павінен нагадаць пра тое, што “Бог ніколі не пакідае свой народ”, а для хрысціян можа стаць часам, “калі б адна краіна не ўздымала меч супраць іншай, і не вучылася больш мастацтву вайны”.
 

08 студзеня 2024, 11:48