Пошук

Святы Айцец дзеячам мастацтва: дарыце шчасце, супакой і гармонію

Пакора і шчордрасць патрэбны як у мастацтве, так і ў жыцці, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Фонда веронскай Арэны (Fondazione Arena di Verona).

Аляксандр Панчанка - Vatican News

18 студзеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў аб’яднання, якое клапоціцца пра належнае выкарыстанне і захаванне антычнага рымскага амфітэатра ў цэнтры італьянскага горада Верона. Помнік гісторыі і архітэктуры з’яўляецца сусветна вядомай канцэртнай пляцоўкай.

Пантыфік падкрэсліў, што Арэна змагла захавацца да нашых дзён, дзякуючы таму, што заўсёды была месцам, у якім віравала жыццё. Ён нагадаў, што на працягу больш чым дваццаці стагоддзяў у гісторыі амфітэатра былі добрыя і кепскія перыяды: ён збіраў людзей розных сацыяльных класаў, якія прыходзілі глядзець прадстаўленні, але таксама рызыкаваў ператварыцца ў каменяломню. Тым не менш, дзякуючы любові жыхароў горада, амфітэатр адрадзіўся, быў адрэстаўраваны і вось ужо сто гадоў з’яўляецца месцам правядзення цудоўнага фестывалю.

Францішак нагадаў пра намаганні людзей, якія будавалі і аднаўлялі Арэну, пра высілкі шматлікіх артыстаў, арганізатараў мерапрыемстваў і тых, хто працаваў за кулісамі. “Думаючы пра гэта, мне прыходзіць на думку тое, што святы Павел казаў пра Касцёл, калі параўноўваў яго з целам, што мае шмат членаў: кожная частка дапаўняе іншую, дзякуючы сваім асаблівым функцыям”, - адзначыў Папа, дадаючы, што “сто гадоў мастацтва, па сутнасці, не могуць быць створаны адным чалавекам, і нават невялікай групай выбраных людзей”: патрэбны намаганні вялікай супольнасці, якая працуе не толькі дзеля сябе, але таксама дзеля наступных пакаленняў. Гэта нагадвае нам, што трэба быць пакорнымі і шчодрымі, як у мастацтве, так і ў жыцці, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Пакора і шчодрасць: вось дзве цноты сапраўднага артыста, пра што кажа нам ваша гісторыя”, - дадаў Францішак, заклікаючы сваіх гасцей працягваць з любоўю займацца сваёй дзейнасцю, не столькі дзеля асабістага поспеху, колькі дзеля радасці, якая ўзнікае, калі дорым прыгажосць іншым. “Дарыце шчасце праз мастацтва, распаўсюджвайце супакой, нясіце гармонію! Мы ўсе маем патрэбу ў гэтым”, - адзначыў Пантыфік.
 

18 студзеня 2024, 10:57