Пошук

Папа падчас інтэрв'ю на італьянскім тэлебачанні Папа падчас інтэрв'ю на італьянскім тэлебачанні 

Францішак: мяне палохае эскалацыя вайны

Рызыка эскалацыі вайны, адсутнасць намеру сыходзіць у адстаўку, апостальскія падарожжы ў Палінезію і Аргенціну, а таксама дэкларацыя Fiducia supplicans – некаторыя з тэм, якія закрануў Францішак у праграме Che Tempo Che Fa італьянскага тэлеканала Nove.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак стаў госцем італьянскай тэлепраграмы Che Tempo Che Fa. Інтэрв’ю ў Пантыфіка ўзяў журналіст Фабіа Фацыа. Яно выйшла ў эфір у нядзелю, 14 студзеня 2024 года.

У адказ на пытанне аб дэкларацыі Fiducia supplicans Дыкастэрыі веравучэння, якае дае магчымасць благаслаўляць пары ў нестандартных сітуацыях, у тым ліку і аднаполыя пары, Папа пацвердзіў, што "Пан благаслаўляе ўсіх, кожнага, кожнага".

"Мы павінны ўзяць гэтых людзей за руку, а не асуджаць іх з самага пачатку", - сказаў Папа.

Гэта "душпастырская праца Касцёла", - адзначыў ён, назваўшы яе важнай задачай для спаведнікаў, якія закліканыя "дараваць усё".

Папа прызнаўся, што сам ён за 54 гады святарства толькі аднойчы адмовіў у прабачэнні "з-за крывадушнасці гэтага чалавека".

Пана "не абураюць нашы грахі, таму што Ён – Айцец, Ён суправаджае нас", - падкрэсліў Францішак, выказаўшы надзею, што пекла можа апынуцца пустым.

Папа паўтарыў сваё неаднаразовае асуджэнне жахаў вайны на Блізкім Усходзе і ва Украіне.

"Гэта праўда, што заключэнне міру звязана з рызыкай, але вайна яшчэ больш рызыкоўная", - сказаў ён.

Святы Айцец таксама распавёў пра сустрэчу, якую ён правёў на мінулым тыдні з дэлегацыяй дзяцей з Украіны. "Ніхто з іх не ўсміхаўся", - сказаў ён. "Дзеці ўсміхаюцца спантанна. Я даў ім шакаладу, а яны не ўсміхнуліся. Яны развучыліся ўсміхацца. Гэта злачынства, калі дзіця развучылася ўсміхацца. Вось што робіць вайна: яна перашкаджае марыць", - адзначыў Пантыфік.

"За войнамі стаіць гандаль зброяй", - папярэдзіў ён.

Папа таксама падзяліўся сваім страхам перад пашырэннем канфлікту: "Гэтая ваенная эскалацыя палохае мяне, таму што гэтыя новыя ваенныя крокі ў свеце прымушаюць задумацца, чым мы скончым. Цяпер у нас ёсць атамная зброя, якая знішчае ўсё. Чым мы скончым? Як Ноеў каўчэг? Мяне палохае здольнасць да самаразбурэння, якой валодае чалавецтва сёння”, - прызнаўся Святы Айцец.

Францішак таксама закрануў праблему мігрантаў, узгадаўшы сваю сустрэчу з маладым камерунцам Пата, які страціў жонку і дачку ў пустыні паміж Тунісам і Лівіяй. Папа прыняў яго ў лістападзе 2023 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Доме святой Марты.

"Колькі жорсткасці ў абыходжанні з мігрантамі, з моманту, калі яны пакідаюць свае дамы, і да прыбыцця сюды, у Еўропу”, - сказаў ён.

"Кожны мае права заставацца дома ці міграваць", - сцвердзіў Францішак.

Папа заклікаў да "добра прадуманай" міграцыйнай палітыкі, якая б дапамагла “ўзяць праблему мігрантаў у свае рукі" і "ліквідаваць усе гэтыя мафіі, якія эксплуатуюць мігрантаў".

На пытанне аб сваёй магчымай адстаўцы Францішак адказаў так: "Гэта не думка, не занепакоенасць і нават не жаданне. Гэта магчымасць, адкрытая для ўсіх Пап, але на дадзены момант яна не ў цэнтры маіх думак і клопатаў, маіх пачуццяў".

Папа анансаваў два апостальскіх падарожжа, якія павінны адбыцца ў 2024 годзе: у жніўні ў адну ці некалькі краін Палінезіі, напрыканцы года ў родную Аргенціну.

15 студзеня 2024, 06:57