Пошук

Францішак: выдатна, што год пачынаецца з звароту да Марыі

Маці Божая – гэта догмат веры, але таксама догмат надзеі, - адзначыў Папа ў сваёй гаміліі, прамоўленай 1 студзеня 2024 года ў ватыканскай базіліцы на Імшы ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак спаслаўся на словы апостала Паўла з яго Паслання да Галатаў: “Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны” (4, 4). Ён звярнуў увагу на выраз “паўната часу”. “Калі амфара гісторыі напоўнена, Божая ласка пераліваецца праз край – Бог становіцца чалавекам і робіць гэта ў знаку жанчыны, Марыі. Яна – шлях, абраны Богам; Яна – пункт прыбыцця многіх людзей і пакаленняў, якія “кропля за кропляй” рыхтавалі прыйсце Пана ў свет. Таму выдатна, што год пачынаецца з звароту да Яе”, - патлумачыў Пантыфік.

“Сапраўды, слова Багародзіца выказвае радасную ўпэўненасць у тым, што Пан, далікатнае немаўля на руках сваёй маці, назаўжды злучыў сябе з нашым чалавецтвам, да такой ступені, што яно ўжо не толькі наша, але і Яго. Маці Божая – гэта догмат веры, але таксама і догмат надзеі – Бог у чалавеку і чалавек у Богу, назаўжды”, - сказаў Святы Айцец.

Ён звярнуў увагу на тое, што “мацярынства Марыі – гэта шлях да сустрэчы з айцоўскай пяшчотай Бога, самы блізкі, самы непасрэдны, самы лёгкі”. Маці Божая “вядзе нас да пачатку і да сэрца веры, якая не з’яўляецца ані тэорыяй, ані абавязкам, але вялікім дарам, які робіць нас умілаванымі дзецьмі, месцам пражывання любові Айца. Таму прыняцце Маці ў сваё жыццё – гэта не пабожны выбар, але патрабаванне веры”, - падкрэсліў Францішак у сваёй гаміліі.

Марыя патрэбна Касцёлу, каб ён мог нанова “адкрыць сваё жаночае аблічча” – “Панна і Маці з’яўляецца яго дасканалым узорам і прататыпам”. Тут Святы Айцец заклікаў “вызваліць месца для жанчын” у касцёльным жыцці.

“Але таксама свет павінен звярнуцца да маці і жанчын, каб знайсці мір, вызваліцца ад спіралі насілля і нянавісці і вярнуцца да чалавечага позірку і сэрца, якое бачыць. І кожнае грамадства павінна прыняць дар жанчыны, кожнай жанчыны: паважаць яе, абараняць, цаніць яе, ведаючы, што той, хто крыўдзіць адну жанчыну, ганьбіць Бога, народжанага жанчынай”, - дадаў Папа.

Ён звярнуў увагу на тое, што Багародзіца “мае асноватворнае значэнне для жыцця кожнага з нас, паколькі ніхто лепш не ведае часу і неадкладных спраў дзяцей лепш, чым Маці”.

“Браты, сёстры, ва ўсіх нас ёсць недахопы, адзінота, пустата, якую трэба запоўніць. Хто можа зрабіць гэта, калі не Марыя, Маці паўнаты? Калі мы адчуваем спакусу замкнуцца ў сабе, давайце пойдзем да Яе; калі мы не можам разблытаць вузлы жыцця, давайце будзем шукаць прытулку ў Яе”, - сказаў Францішак.

Завяршаючы сваё казанне, ён заклікаў вернікаў даверыць Новы год Маці Божай і прысвяціць Ёй сваё жыццё. “Наш час, пазбаўлены міру, патрабуе Маці, якая збярэ чалавечую сям’ю. Давайце звернемся да Марыі, каб стаць будаўнікамі еднасці, і зробім гэта з Яе творчым падыходам Маці, якая клапоціцца пра сваіх дзяцей: збірае іх і суцяшае, выслухоўвае іх беды і выцірае слёзы”, - звярнуўся Папа.

Ён пажадаў, каб 2024 год “быў напоўнены суцяшэннем Пана” і “матчынай пяшчотай Марыі”.
 

01 студзеня 2024, 10:58