Пошук

Папа на завяршэнне года: навучымся ў Марыі ўдзячнасці і надзеі

Удзячнасць і надзея – на гэтых двух словах засяродзіў сваю ўвагу Папа падчас першых нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі. Увечары 31 снежня 2023 года ў базіліцы святога Пятра ён узначаліў набажэнства падзякі за адыходзячы год.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заўважыў у сваёй гаміліі, што “вера ў Езуса Хрыста, уцелаўлёнага Бога, народжанага ад Панны Марыі, дае нам новы спосаб адчування часу і жыцця” – з удзячнасцю і надзеяй, у той час як мірскі менталітэт абмяжоўваецца засяроджанасцю на ўласных інтарэсах і не сягае далей за задавальненне і аптымізм.

“Але ў гэтай літургіі, якая завяршаецца вялікім гімнам Te Deum laudamus, мы занураемся ў зусім іншую атмасферу: праслаўлення, захаплення, удзячнасці”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што гэта адбываецца не дзякуючы велічнасці базілікі, агеньчыкам і спевам, але, дзякуючы сузіранню Таямніцы ўцелаўлення Стварыцеля, які дорыць нам сваю боскасць. Літургія дапамагае ўвайсці ў пачуцці Касцёла; а Касцёл вучыцца ім ад Панны Марыі, - нагадаў Святы Айцец.

“Надзея Марыі і Касцёла – гэта не аптымізм, а нешта іншае: гэта вера ў Бога, вернага сваім абяцанням; і гэта вера набывае форму надзеі ў вымярэнні часу, можам сказаць “на шляху”. Хрысціянін, як і Марыя, з’яўляецца пілігрымам надзеі. І менавіта гэта будзе тэмай Юбілею 2025 года: “Пілігрымы надзеі”, - нагадаў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, мы можам спытацца: ці рыхтуецца Рым стаць у Святы год “горадам надзеі”?, - спытаў Папа, адзначаючы, што падрыхтоўка да Юбілею патрабуе сведчання касцёльнай і грамадзянскай супольнасці – сведчання, якое “заключаецца ў ладзе жыцця, у этычнай і духоўнай якасці суіснавання”.

Святы Айцец заўважыў, што кожны ў сваёй сферы павінен працаваць, каб зрабіць гэты горад знакам надзеі для яго жыхароў і наведвальнікаў. Неабходна палепшыць прыняцце і інфармаванне людзей, якія прыбываюць ў базіліку святога Пятра; зрабіць гасцінным і даступным для ўсіх, асабліва для пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, гістарычны цэнтр Рыма; зрабіць так, каб яго “вялікай прыгажосці” адпавядалі звычайная дагледжанасць і нармальнае функцыянаванне ў месцах штодзённага жыцця людзей.

“Дарагія браты і сёстры, пілігрымка, асабліва складаная, патрабуе добрай падрыхтоўкі. Таму наступны год, які папярэднічае Юбілею, будзе прысвечаны малітве”, - сказаў Папа, заклікаючы вернікаў вучыцца ёй у Панны Марыі, пражываючы “кожны дзень, кожны момант, кожны клопат з унутраным позіркам, скіраваным да Езуса”: радасці і пакуты, задавальненні і праблемы – усё ў прысутнасці і з ласкай Езуса, Пана, усё з удзячнасцю і надзеяй.
 

31 снежня 2023, 17:45