Пошук

Святы Айцец: Езус заклікае Касцёл да адкрытасці і служэння

Кожны хрысціянін пакліканы да руплівасці ў абвяшчэнні Евангелля - нагадаў Папа, падчас агульнай аўдыенцыі, якую правёў 13 снежня 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У заключнай катэхезе з цыклу, прысвечанага апостальскаму запалу, Францішак пракаментаваў урывак з Евангелля святога Марка, у якім Езус, прамовіўшы слова “Эффата”, што значыць “Адкрыйся”, аздаравіў глуханямога. Гэты цуд адбыўся на тэрыторыі, населенай пераважна язычнікамі, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што “немата і глухата ў Бібліі маюць метафарычны сэнс і азначаюць закрытасць на Божыя заклікі”, а гэта значыць таксама няздольнасць абвяшчаць Божае слова. Прамовіўшы заклік “Адкрыйся” на арамейскай мове, Езус скіраваў яго да сваіх вучняў, а таксама працягвае скіроўваць да ўсіх, хто атрымаў дар хросту.

“Адкрыйся”, кажа Езус кожнаму верніку і Яго Касцёлу: адкрыйся, бо пасланне Евангелля патрабуе цябе, каб быць засведчаным і абвешчаным!”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што “хрысціянін павінен быць адкрытым на Божае слова і служэнне іншым”. “Закрытыя хрысціяне заканчваюць кепска, заўсёды, бо не з’яўляецца сапраўднымі хрысціянамі, а ідэолагамі, ідэолагамі закрытасці. Хрысціянін павінен быць адкрытым: у абвяшчэнні Божага слова, у прыняцці братоў і сясцёр. Таму заклік “Эффата”, “Адкрыйся” скіраваны да ўсіх нас”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што Езус, напрыканцы Евангелля, перадае “сваё місійнае жаданне”: заклікаў выходзіць за межы і прапаведаваць Евангелле ўсім. Ён заклікае ўсіх вернікаў адчуваць сябе пакліканымі да сведчання і абвяшчэння Евангелля, а таксама заахвочвае кожнага з нас шчыра спытаць у сябе пра тое, наколькі яны гатовы рабіць гэта, - перакананы Папы.

“Давайце таксама і мы спытаемся ў сябе, няхай кожны з нас задасць гэта пытанне сябе, задумаемся: ці сапраўды я люблю Пана да такой ступені, што хачу абвяшчаць Яго? Ці хачу стаць Яго сведкам або задавальняюся быццём Яго вучнем? Ці бяру да сэрца людзей, якіх сустракаю, ці заношу іх да Езуса ў малітве? Ці хачу зрабіць нешта, каб радасць Евангелля, якая перамяніла маё жыццё, зрабіла прыгожым таксама жыццё іх?”, - спытаў на заканчэнне катэхезы Папа.
 

13 снежня 2023, 10:16

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >