Пошук

Папа: грамадскі парадак патрабуе законнасці і чалавечнасці

Дбаць пра грамадскі парадак, навакольнае асяроддзе і спрыяць інтэграцыі мігрантаў, - заклікаў Пантыфік прэфектаў Італьянскай Рэспублікі, якіх 11 снежня 2023 года прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Амброзій, які сам быў прэфектам перад тым, як стаць пастырам, казаў: “Жывіце добра і зменіце часы”. “Гэтыя словы могуць таксама адносіцца да сутнасці вашага служэння: рабіць так, каб жыхары месцаў, давераных вам, маглі “жыць добра”, - сцвердзіў на пачатку прамовы Францішак, вітаючы сваіх гасцей, якія прыбылі ў Ватыкан разам з Міністрам унутраных спраў Італіі Матэа П'янтэдозі.

Папа адзначыў, што прэфекты выконваюць ролю пасярэднікаў паміж дзяржавай і тэрыторыяй, дапамагаючы захоўваць адносіны паміж цэнтрам і перыферыяй, клопат пра агульнае дабро і інтарэсы паасобных людзей. Ён заклікаў дапамагаць грамадзянам адчуваць дапамогу з боку дзяржавы, а таксама ўмацоўваць ролю грамадзянскай супольнасці ў падтрымцы людзей, што апынуліся ў цяжкай сітуацыі.

Папа адзначыў, што прыярытэтную ўвагу трэба скіраваць на клопат пра грамадскі парадак, спалучаючы павагу да законнасці з чалавечнасцю. Ён нагадаў пра актуальнасць старажытнага прыслоўя Serva ordinem et ordo servabit te – Захавай парадак і парадак захавае цябе.

“Гэта мудрае сцвярджэнне, бо немагчыма кіраваць грамадскім парадкам без парадку асабістага і ўнутранага. Калі гэта ёсць, тады адказнасць за грамадскі парадак разумеецца як пакліканне да стварэння той атмасферы гарманічнага суіснавання, у якой можна адказаць на цяжкасці і вырашаць іх”, - сказаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу сваіх гасцей на важнасць вырашэння крытычных сітуацый, звязаных са станам навакольнага асяроддзя, аб’ядноўваючы намаганні, “каб своечасова і прадбачліва абараніць наш агульны дом, які патрабуе абароны”.

Святы Айцец таксама заахвоціў быць гасціннымі да мігрантаў, спрыяць іх інтэграцыі ў мясцовыя супольнасці, не пакідаць іх у самотнасці, а таксама прадухіляць узнікненне беспарадкаў і насілля. “Мігрантаў трэба прымаць, суправаджаць, падтрымліваць і інтэграваць”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы важнасць гэтых дзеянняў у кантэксце дэмаграфічнага крызісу, які перажывае Еўропа.
 

11 снежня 2023, 11:36