Пошук

Папа да факаляраў: будзьце рамеснікамі міру і братэрства

Будаваць адзінства на аснове Евангелля, якое “ніколі не падвяргаецца зносу” заклікаў Святы Айцец прадстаўнікоў руху факаляраў, якіх прыняў 7 снежня 2023 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваёй прамове Папа нагадаў, што рух факаляраў быў заснаваны ў самы разгар Другой сусветнай вайны, 7 снежня 1943 года. Пакліканне, якое адчула яго заснавальніца К’яра Любіч, спарадзіла хвалю духоўнасці, якая распаўсюдзілася па ўсім свеце: сярод моладзі, супольнасцяў, сем'яў, святароў, манахаў і біскупаў, а таксама ў розных сацыяльных сферах – адукацыі, эканомікі, мастацтва, культуры, СМІ, і асабліва ў сферы экуменізму і міжканфесійнага дыялогу.

Святы Айцец заахвоціў гасцей рухацца ў трох напрамках: касцёльнай сталасці, вернасці харызме і прыхільнасці міру. Ён заклікаў факаляраў працаваць у першым напрамку дзеля здзяйснення мары аб цалкам сінадальным і місіянерскім Касцёле, пачынаючы з супольнасцяў і распаўсюджваючы вакол сябе атмасферу ўзаемнага слухання, сямейнага цяпла і клопату адзін аб адным, асабліва аб слабейшых.

Што тычыцца другога напрамку, вернасці харызме, Папа нагадаў факалярам словы іх заснавальніцы аб тым, што адзінства неабходна будаваць на аснове Евангелля, якое “ніколі не падвяргаецца зносу”. Ён заахвоціў гасцей сеяць адзінства, несучы Евангелле, каб Езус стаў добрай навіной для ўсіх, без выключэння, і “каб усе былі адно” (Ян 17, 21).

Нарэшце, Францішак запрасіў факаляраў дзейнічаць на карысць міру. З усіх куткоў свету працягвае гучаць воклік да адзінства, які патрабуе адказу. К'яра Любіч адчула яго ў трагічны час Другой сусветнай вайны і вырашыла прысвяціць сваё жыццё таму, каб гэты "запавет Езуса" мог спраўдзіцца. Сёння свет па-ранейшаму мае патрэбу ў рамесніках міру і братэрства, - адзначыў Святы Айцец. Ён падзяліўся смуткам, які адчувае падчас наведвання вайсковых могілак, калі бачыць узрост салдатаў: “22, 24, 18, 30 гадоў...” Войны ламаюць жыцці, у іх прайграюць усе, - нагадаў Папа.

Напрыканцы прамовы Францішак заклікаў факаляраў да пільнасці і папярэдзіў ад духоўнай свецкасці, якая “заўсёды хаваецца ў засадзе”. Неабходна рэагаваць рашуча, паслядоўна і рэалістычна і памятаць, што разыходжанне слоў і спраў “з'яўляецца горшым сведчаннем, якое мы можам даць іншым”, - нагадаў Францішак, заклікаючы Багародзіцу стаць для факаляраў крыніцай суцяшэння і сілы, каб яны маглі быць апосталамі адзінства Касцёла і чалавецтва.

07 снежня 2023, 11:56