Пошук

Папа: бэтлеемскія яслі нагадваюць пра адкрытую рану Святой Зямлі

Бэтлеемскія яслі нагадваюць пра пакуты людзей на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце, сказаў Папа, прымаючы на аўдыенцыі 16 снежня 2023 года ўдзельнікаў “жывой” батлейкі, якая пройдзе ў рымскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Менавіта ў гэтай марыйнай базіліцы захоўваецца рэліквія калыскі Езуса, таму яна мае асаблівую сувязь з Бэтлеемам і яслямі. Таксама там захоўваецца скульптурная група Арнольфа дзі Камбіа, якая лічыцца першай у гісторыі мастацтва каляднай стаенкай, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец падзяліўся з гасцямі двумя разважаннямі. Першае тычылася святога Францішка Асізскага, які 800 гадоў таму ў мястэчку Грэча распачаў традыцыю стварэння калядных батлеек. Важна памятаць пра сапраўднае значэнне жывой батлейкі, разумець яе сэнс, каб не зводзіць яе да звычайнага фальклорнага прадстаўлення, папярэдзіў Пантыфік.

Святы Францішак Асізскі стварыў жывыя бэтлеемскія яслі дзеля таго, каб абудзіць у манахах і народзе эмоцыі ў сувязі з нараджэннем Езуса. Таямніца Бога, Які нарадзіўся ад Марыі ў стайні і быў пакладзены ў яслі, павінна была выклікаць у гледачоў пачуццё пяшчоты. Святы Францішак хацеў надаць гэтай сцэне канкрэтнасць: не карціны, не статуі, а жывых людзей з плоці і крыві, каб зрабіць відавочным Божае уцелаўленне, - адзначыў Святы Айцец, нагадваючы, што мэта жывой каляднай батлейкі – абудзіць у сэрцах гледачоў здзіўленне перад таямніцай Бога, які стаў чалавекам.

Сваю другую думку Папа скіраваў да братоў і сясцёр у сённяшнім Бэтлееме, распаўсюджваючы яе на ўсіх жыхароў Святой Зямлі, дзе нарадзіўся, жыў, памёр і ўваскрос Езус. Жывая батлейка ў Санта-Марыя-Маджорэ “павінна прайсці ў знак салідарнасці з гэтымі братамі і сёстрамі, якія так моцна пакутуюць” ад вайны і наступстваў канфлікту, які доўжыцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. “Для іх гэта Божае Нараджэнне абяцае быць поўным болю, жалобы, без пілігрымаў, без святаў”, - заўважыў Францішак, запрашаючы “не пакідаць іх адных”, быць побач з імі ў малітве і канкрэтнай дапамозе.

Напрыканцы сустрэчы Папа пажадаў удзельнікам жывой батлейкі “пражыць гэты дзень з верай і радасцю, каб ён стаў сведчаннем Евангелля.”

16 снежня 2023, 10:28