Пошук

Пантыфік: змагацца з карупцыяй з рашучасцю і міласэрнасцю

Незалежнасць, увага да міжнароднай практыкі і прафесіяналізм – тры прынцыпы, якія павінны пазначаць працу галоўнага антыкарупцыйнага органа Святога Пасада і Ватыкана, - заўважыў Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

11 снежня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў Упраўлення Генеральнага рэвізора – структуры, заснаванай у 2014 годзе ў рамках рэформы Рымскай курыі для выяўлення выпадкаў карупцыі і фінансавых злоўжыванняў у структурах Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан.

Пантыфік уручыў сваім гасцям тэкст прамовы, якую падрыхтаваў загаддзя. Ён нагадаў, што з іерархічнага пункту гледжання Упраўленне не залежыць ад іншых устаноў, што прадугледжвае адказнасць у дзейнасці, якая, у сваю чаргу, павінна “натхняцца найвышэйшым прынцыпам міласэрнай любові”. Ён заклікаў кіравацца “духам братэрскага выпраўлення” пры выяўленні сітуацый, якія патрабуюць умяшання, наследуючы прыклад Пана, які па-бацькоўску выпраўляе тых, каго любіць. Святы Айцец заахвоціў таксама ўмацоўваць супрацоўніцтва з іншымі “эканамічнымі” структурамі Святога Пасада, пазбягаючы ўнутранага саперніцтва.

Францішак заклікаў да прыняцця лепшых міжнародных практык, калі яны знаходзяцца ў гармоніі з вучэннем Касцёла, а таксама адзначыў значную прафесійную падрыхтоўку супрацоўнікаў Упраўлення, звяртаючы ўвагу на іх імкненне падтрымліваць высокія прафесійныя стандарты праз пастаяннае навучанне. “Я сказаў бы сказаць, што быццё ў курсе няспыннай эвалюцыі шматлікіх і складаных норм, якія рэгулююць аўдыт – гэта ваш сапраўдны маральны абавязак”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Папа адзначыў важнасць барацьбы з карупцыяй “з рашучасцю і міласэрнай далікатнасцю”. Ён пагадзіўся, што павінна захоўвацца абсалютная празрыстасць кожнага дзеяння, але таксама заўважыў, што “скандалы больш служаць для напаўнення старонак газет, чым для глыбокага выпраўлення паводзін”. Францішак заахвоціў дапамагчы адказным за кіраванне маёмасцю Апостальскай Сталіцы ўвесці ў жыццё прэвентыўныя меры для супрацьдзеяння карупцыі.

Пантыфік падзякаваў супрацоўнікам Упраўлення Генеральнага рэвізора, якія служаць бедным у сталоўцы Caritas, заклікаючы іх рабіць гэта “з адкрытым сэрцам, прастатой і бескарыслівасцю, знаходзячы час на тое, каб паразмаўляць з гэтымі людзьмі і выслухаць іх гісторыі”. “Вельмі часта мы сустракаем людзей, якім патрэбна сяброўства, але яны застаюцца ў самотнасці. Вельмі часта ўсмешка і слова больш каштоўныя за талерку ежы”, - дадаў Святы Айцец, выказваючы сваім гасцям пажаданне шчаслівага свята Божага Нараджэння.
 

11 снежня 2023, 10:38